Сведчанні былога вагнэраўца: «Я бачыў, як людзі са спецслужбаў перавозілі дзяцей з Украіны ў Беларусь»


Былы расейскі афіцэр групы Вагнэра Ігар Салікаў уцёк у Нідэрланды і даў інтэрв’ю тэлеканалу «EenVandaag», у якім сведчыць пра ваенныя злачынствы расейцаў ва Украіне. Ён распавёў і пра тое, што ўкраінскіх дзяцей у Беларусь перавозілі супрацоўнікі ФСБ Расеі. Расейскі афіцэр ужо напісаў заяву ў Міжнародны крымінальны суд.

Ігар Салікаў падчас відэасувязі з журналістамі каналу «EenVandaag».
Фота: eenvandaag.avrotros.nl

«Я бачыў, як людзі са спецслужбаў перавозілі вялікую колькасць дзяцей без бацькоў праз мяжу ў Беларусь», – кажа ў інтэрвʼю выданню расейскі палкоўнік Ігар Салікаў.

У гэтым, паводле былога вагнэраўца, удзельнічалі ў першыя дні вайны «цэлыя калоны легкавых аўтамабіляў і невялікіх мікрааўтобусаў, якімі кіравалі супрацоўнікі ФСБ».

Салікаў кажа, што ў лютым 2022 года «быў сведкам зверстваў супраць мірнага насельніцтва» і здзекаў з ваеннапалонных украінцаў, якіх пазней расстрэльвалі.

Былы найміт ПВК Вагнэра тлумачыць, што «згубіў веру ў расейскую справу», сцвярджае, што летась адмовіўся выконваць загад аб расстрэле мірных жыхароў і падлягаў суду, але яму ўдалося ўцячы з Расеі. Ігар Салікаў падае заяву ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

Ён лічыць, што суд асабліва зацікавіць тое, як працаваў ланцужок загадаў, іншымі словамі, тое, хто аддаваў пэўныя загады і хто павінен несці за іх адказнасць. У пісьмовай заяве ў суд Салікаў сцвярджае, што звычайна загады прыходзілі да ПВК Вагнэра з Міністэрства абароны Расеі, а часам – непасрэдна з офісу Уладзіміра Пуціна.

Нагадаем, Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна, а таксама на арышт упаўнаважанай у справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Паводле ўкраінскіх уладаў з 24 лютага 2022 года з Украіны ў Расею і Беларусь былі дэпартаваныя каля 20 тысячаў дзяцей.

Ордар на арышт Аляксандра Лукашэнкі суд у Гаазе пакуль што не выдаў. Паводле справаздачы Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ейлаўскай школы аховы здароўя, апублікаванай у лістападзе, пад патранажам Лукашэнкі ў Беларусь з Украіны незаконна вывезлі прынамсі 2442 дзіцяці ў веку ад 6 да 17 гадоў.

Аб’ектыў
Беларусь не аддавала Украіне цела забітай на вайне дзяўчынкі
2023.12.06 21:29

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў