Еўразвяз заклікаў Лукашэнку вярнуць вывезеных дзяцей ва Украіну


Вярнуць усіх незаконна вывезеных дзяцей ва Украіну. З такім заклікам Еўрапейская рада чарговы раз звярнулася да рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта заява кіраўнікоў ЕЗ мае характар палітычнай заявы, вельмі моцнай, але палітычнай заявы. Прававое рашэнне прымае пракурор Міжнароднага крымінальнага суда, інстытуты Міжнароднага крымінальнага суда, на падставе тых доказаў, якія сабрала каманда НАУ і іншых ініцыятываў», – адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Сёлета Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна – за незаконны вываз украінскіх дзяцей. Цяпер беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца, каб адказнасць за датычнасць да гэтага злачынства панеслі Лукашэнка ды ягоныя памагатыя.

Сам Лукашэнка неаднаразова выказваўся наконт магчымага ордару на свой арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда. Ён то здзіўляўся, то наступным разам намагаўся паказаць абыякавасць.

Але насамрэч Лукашэнку вельмі раздражняе сітуацыя з абвінавачваннямі ў датычнасці да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, што адбіваецца на ягонай дзейнасці, перакананы гісторык Аляксандр Фрыдман:

«Лукашэнка ж ведае, што ў тым выпадку, калі ордар будзе выдадзены, ён будзе ў сваіх паездках за мяжу абмежаваны. І справа не ў тым, гэта краіны, якія прызнаюць юрысдыкцыю гэтага суда або не прызнаюць. Тут яшчэ і пытанне ў адносінах гэтых краінаў з Захадам».

У такой сітуацыі Лукашэнка і ягоны рэжым спрабуюць нібы апраўдацца. Прынамсі, сёлета ў кастрычніку замежным амбасадарам паказалі месцы адпачынку і аздараўлення дзяцей з Данбасу. Маўляў усё законна, дзеці задаволеныя. Пры гэтым ацаніць умовы ў калоніях, дзе трымаюць палітвязняў, Лукашэнка дыпламатам дагэтуль не прапанаваў.

«Ён разумее, ён жа ведае, як ён у гэтым удзельнічае, суўдзельнічае. І чакае, нават сыходзіць з таго, што ордар рана ці позна будзе выдадзены. І гэта перадухіліць немагчыма. Ну, калі немагчыма, то хаця б зрабіць нейкую прапагандысцкую гульню», – мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Напярэдадні сталася вядома, што ва Украіне пачалі крымінальную справу супраць паралімпійца, заснавальніка дабрачыннага фонду Аляксея Талая. За незаконны вываз дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Беларусь яму пагражае да 15 гадоў зняволення або пажыццёвы тэрмін. Хаця сам Талай называе сваю дзейнасць «гуманітарнаю».

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Наваполацку. 22 верасня 2023 года.
Фота: Наваполацкі гарадскі выканкам / sb.by

Ці ёсць фігурантам гэтай справы Лукашэнка, украінскі бок не паведаміў. Хаця і сам Талай неаднаразова згадваў яго, калі распавядаў пра дзейнасць свайго фонду:

«Хоць мы і грамадскія дзеячы, дабрачынцы, але ў гэты няпросты час я мусіў параіцца з кіраўніком дзяржавы. Гэта вельмі важна. Усё, што тычыцца дзяржавы і нашых нацыянальных інтарэсаў, мы як грамадскія дзеячы мусілі недзе ўзгадняць, што я і зрабіў. Атрымаўшы згоду і падтрыманне кіраўніка дзяржавы, мы сталі прапрацоўваць магчымасць адпачынку дзяцей Данбасу ў Беларусі».

Паводле справаздачы Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ейлаўскай школы аховы здароўя, апублікаванай у лістападзе, пад патранажам Лукашэнкі ў Беларусь з Украіны незаконна вывезлі прынамсі 2442 дзіцяці ў веку ад 6 да 17 гадоў.

Ірына Юрʼева, «Белсат»