Суды над беларусамі і арышты тых, хто вярнуўся з-за мяжы. Хроніка пераследу за 19 снежня


Штодня ў Беларусі з 2020 году працягваюцца рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны. «Белсат» сабраў вядомыя факты пераследу 19 снежня.

У Слоніме затрымалі вядомага журналіста і пісьменніка Сяргея Чыгрына. Журналіста судзілі за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і арыштавалі на 7 содняў. Калегі звязваюць затрыманне Сяргея Чыгрына з ягонай ранейшай працай у недзяржаўных медыях.

28 снежня ў Гомельскім абласным судзе пачнуць судзіць Таццяну Курыліну, якая вярнулася ў Беларусь пасля абяцанняў невядомага мужчыны «развязаць усе пытанні». Выявілася, што гэта была аперацыя КДБ. Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», актывістку вінавацяць паводле 12 артыкулаў.

Таццяна Курыліна.
Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна» / Telegram

Таксама сілавікі схапілі сямейную пару, якая вярнулася ў Беларусь на лячэнне. Затрымалі іх за ўдзел у пратэстах 2020 года, дзейнасць «у складзе дыяспар» і негатыўныя каментары ў інтэрнэце.

У Докшыцах асудзілі 19-гадовага Аляксандра Сініцу, якога прызналі вінаватым паводле арт. 341 («Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці»). Юнак напісаў на краме ў Докшыцах 3 %, за гэта яму прысудзілі 1,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд агучыў суддзя Вячаслаў Елісеенка. 

«Табакерка» па вуліцы Даўгабродскай, Менск. 14 чэрвеня 2020. Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: «Белсат»

У Баранавічах асудзілі 55-гадовага ветэрана вайны ў Афганістане Генадзя Борыса за абразу Лукашэнкі і сцяга. Пракурор запрасіў 3,5 гады абмежавання волі за гэтыя «злачынствы». Суд прызначыў яму 3 гады зняволення.

Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра пачатак спецыяльнага вядзення супраць палітыка Валерыя Цапкалы. Яго абвінавацілі паводле 12 крымінальных артыкулаў, у тым ліку за атрыманне хабару, стварэнне экстрэмісцкага фармавання, заклікі да тэрарызму.

Валер Цапкала.
Фота: Madis Veltman / Globallookpress.com

У Менскім гарадскім судзе пачаўся завочны працэс супраць Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкінаперадае БелТА. Іх вінавацяць у закліках да санкцыяў.

Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін у варшаўскай студыі «Белсату». 21 кастрычніка 2020 года.
Фота: Яна Пракопчык / Белсат

Святар Уладзіслаў Багамольнікаў на волі. Святара вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, піша «Хрысціянская візія».

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў