Украіна ўвяла санкцыі супраць беларуса Талая, які бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны


Прэзідэнт Украіны падпісаў 18 лістапада ўказ аб чарговым пашырэнні санкцыяў. У санкцыйныя спісы дадалі яшчэ 100 чалавек і 37 кампаніяў, з якіх большасць звязаныя з Расеяй. Сярод іншых у спісах беларус Аляксей Талай і ягоны фонд.

Аляксей Талай з расейскім баевіком, Алексей Талай с российским боевиком
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксей Талай фатаграфуецца з расейскімі баевікамі падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны.
Фота: прадстаўлена BELPOL

Аляксею Талаю і ягонаму фонду маюць заблакаваць актывы ва Украіне, калі такія знойдуцца, прыпыніць з імі гандлёвыя аперацыі і фінансавыя абавязкі, забараніць ім пералёты і перавозкі на тэрыторыі Украіны, і гэтак далей. Да аналагічных санкцыяў Украіна мае заклікаць Злучаныя Штаты, Еўразвяз і іншых саюзнікаў. На момант публікацыі вядома, што Талай трапіў таксама пад санкцыі Канады.

Талай – матывацыйны спікер, грамадскі дзеяч, бізнесовец, паралімпійскі спартовец, шматдзетны бацька і апантаны прыхільнік Лукашэнкі. У 16 гадоў падарваўся на міне часоў Другой сусветнай вайны, страціў рукі і ногі. Заняўся плаваннем, увайшоў у паралімпійскую зборную, ставіў сусветныя рэкорды.

Ён хваліўся, што «дапамагаў» дзецям з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны яшчэ з 2014 года, у 2021-м сам паехаў на Данбас. Цяпер ён выконвае ледзьве не ключавую ролю ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, нібыта на лекаванне. На самой жа справе, у час «лекавання» праводзяць ідэалагічную апрацоўку, у якой бярэ ўдзел асабіста Талай.

Рэпартаж
Гуманізм са зброяй. Як Аляксей Талай вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь
2023.11.06 18:45

За час поўнамаштабнай вайны ва Украіне, з 24 лютага 2022 года да 30 кастрычніка 2023 года, з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны былі незаконна вывезеныя ў Беларусь больш за 2440 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, гаворыцца ў дакладзе Ейлаўскага ўніверсітэту.

Афіцыйнаму Менску не падабаюцца абвінавачванні ў вывазе ўкраінскіх дзяцей – за такое вясной Міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна, а дэмакратычныя сілы Беларусі дамагаюцца аналагічнага ордару на Аляксандра Лукашэнку.

Украіна ўжо ўвяла санкцыі супраць шэрагу грамадзянаў Беларусі і беларускіх кампаніяў, нават супраць афіцыйнай жонкі Лукашэнкі, але не супраць самога Лукашэнкі. Гэта тлумачаць тым, што не хочуць даваць Лукашэнку нагодаў прымаць «тыя ці іншыя рашэнні», «ювелірным выбудоўваннем» тактыкі і стратэгіі адносна Беларусі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў