news
Інтэрв'ю
«Беларусы нагледзеліся ўжо фільмаў аб пратэстах». Дырэктар фестывалю «Bulbamovie» пра тое, чаго прагне беларускі глядач
«Людзі хочуць ігравога кіно».
19.11.202307:00

Колькі фільмаў даслалі сёлета на конкурс фестывалю «Bulbamovie» беларускія аўтары і чаму трэба вяртацца да экспертнага журы ды ўручэння пераможцам «залатых бульбінаў»? Чаму беларускі глядач стаміўся ад пратэставага кіно? І нарэшце – што будзе разынкаю дзявятага кінафестывалю, які пачнецца 24 лістапада ў Варшаве? Пра гэта размаўляем з ініцыятарам і дырэктарам фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie» Янушам Гаўрылюком.

Януш Гаўрылюк. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

З Янушам Гаўрылюком сустракаемся ў беларускім клубе-бары «Scena chmielna», дзе, дарэчы, 25 лістапада ў межах «Bulbamovie 2023» адбудзецца фестывальная вечарынка (after party) з удзелам Андруся Такінданга і Сяргей Пукста. Шукаем ціхае месца (ужо з гэтага можна здымаць кіно) за столікам, замаўляем піва.

«Белсат»: – Янушу, калі ўжо безалкагольнае, дык першае пытанне такое: сапраўднае кіно мае ап’яняць гледача ці ўсё ж такі цверазіць? Як па-твойму?

«Людзі хочуць ігравога кіно»

Януш Гаўрылюк: – О, гэта залежыць ад часу і ўмоваў. Ад запатрабаванняў гледача. Так што можа быць і так, і гэтак. Пасля 2020-га глядач цягам некалькі гадоў патрабаваў цвярозага і сурʼёзнага кіно, для глыбокіх і, часам, балючых рэфлексіяў. Але пайшоў трэці год. Мне здаецца, людзі ўжо хочуць троху іншага. Беларусы нагледзеліся ўжо дакументальных фільмаў аб пратэстах. Іх было вельмі шмат, аж да таго, што архіўныя здымкі з маршаў пачалі паўтарацца. Ёсць уражанне, што людзям троху гэта надакучыла.

–  Чаго, на тваю думку, людзі хочуць у 2023-м?

– Я думаю, людзі цяпер патрабуюць не дакументалак, а ігравога кіно. А з гэтым цяжкавата… Мяркую, прыйшоў час проста займацца кіно. Бо зашмат мы не зробім для тых людзей, якія сядзяць у турмах. Гэта складана, шчыра кажучы. Я так думаю, што патрэбнае ігравое кіно, якое не наўпрост, не ў лоб будзе казаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, а паміж радкоў. Як у добрым ігравым кіно. І на такое кіно, я думаю, людзі чакаюць. Толькі паўстае пытанне: дзе яго рабіць? Калі рабіць у Варшаве і калі Варшава мае быць Менскам, то гэта вельмі складана.

– Але пра Беларусь можна здымаць і ў варшаўскай кватэры, кавярні ці… у камеры.

– Маеш рацыю, можна. Можна рабіць драмы пра беларусаў, якія жывуць у Варшаве. Тады можна і на дварэ здымаць. І такіх фільмаў бракуе. Але думаю, што беларускія кіношнікі скажуць, што на такое патрэбныя грошы. Вядома, трэба. Але галоўнае не гэта. Галоўнае – ідэя і сцэнар. Таму, напрыклад, калі на фестывальны конкурс прыходзяць фільмы і не супертэхнічныя, але нясуць пры гэтым нейкую ідэю, дакладней – нейкую праўду, то мы такія фільмы паказваем. Лепш паказаць такі фільм, чымся крута знятую паштоўку, але пустую ўсярэдзіне.

Януш Гаўрылюк. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Я троху ў шоку»

–  Колькі сёлета арганізатарам «Bulbamovie» даслалі фільмаў і ці былі сярод іх ігравыя?

– Цікавая рэч: на конкурс прыйшло 49 фільмаў. Большасць з іх – ігравыя кароткаметражкі, а не дакументальныя. І гэта цешыць мяне. Вядома, яны рознага ўзроўню. Але гэта ж незалежнае кіно… У мінулым годзе было 30 заявак. У пазамінулым – 20. Такі вось рост пасля аднаўлення фестывалю. І мы ж не рабілі нейкай шырокай рэкламы. Толькі на сайце і ў «Facebook». Я троху ў шоку.

– Гэта фільмы, якія будуць паказаныя ў межах праглядаў беларускага маладога кіно? Пакажаце ўсе 49 фільмаў?

– Не, не ўсе, вядома. Але магу сказаць, што большасць. Не пакажам зусім слабых. Але я цешуся, што такіх вельмі мала. Прызнаюся: раней прыходзіла столькі трэшу, што з яго можна было рабіць асобную секцыю. Але не цяпер. Ведаеш, чаму так? Бо быў 2020 год. Пасля таго, што адбылося, людзі пачалі здымаць толькі пра тое, што іх закранула.

Раней мне дасылалі нейкае абстрактна касмічнае кіно. Глядзіш – і не можаш зразумець, у якой краіне ўсё адбываецца. Людзі жылі ў нейкім сваім свеце. І я заўсёды казаў: ды не шукайце ў космасе, шукайце ў сябе, шукайце побач – у дзядзькі, бабулі. Бо гэта будзе нашмат праўдзівей і цікавей. І вось 2020 год прызямліў беларусаў. Аўтары зразумелі, дзе яны насамрэч.

«Не робім ужо фестывалю ў нейкім склепе»

– У такім разе, можа, прыйшоў час вярнуцца да экспертнага журы і ўганаравання пераможцаў «залатымі бульбінамі», як гэта рабілася на «Bulbamovie» да 2021 года?

– Сёлета ўжо сурʼёзна пра гэта задумаўся. Бо конкурс, які абвяшчаем трэці год запар, – гэта больш прагляд. Польская арганізацыя «Фільматэка» (Filmoteka Narodowa), якая ладзіць гэты фестываль і дзякуючы якой адбываюцца прагляды, дае ад свайго імя грашовыя прызы (2000–3000 злотых). Але робіцца гэта ў межах прагляду, а не конкурсу.

Аднак сёлета ў нас амаль паўсотні фільмаў, і цяпер не выпадае проста так выбраць, перадаць прыз – і ўсё там. Я бачу, што людзям вельмі важна быць на гэтым фестывалі. Бо гэта цяпер адзінае месца на свеце, прысвечанае выключна беларускаму кіно. І гэта – у кінатэатры, у цэнтры Варшавы, дзе ўжо летась нельга было набыць квіткоў, бо ўсе раскупілі, а людзі прызнаваліся мне, што адчувалі сябе як на «Лістападзе».

Януш Гаўрылюк. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Дык вось, калі мы ўжо выраслі да такой падзеі, значыцца, прыйшоў час падрыхтаваць межы конкурсу з сапраўдным беларускім ці беларуска-польскім, як гэта было заўжды, журы і ўручаць прызы ўрачыста. Бо мы не робім фестывалю ў нейкім склепе, а вось на такім ужо ўзроўні. Шмат людзей чакае і дасылае, сярод іх шмат невядомых аўтараў. Значыцца, прыйшоў час. Але гэта пра наступны год.

– Але акцэнт усё адно будзеце рабіць на кароткі метр?

– У мяне быў такі просты падзел: з прызнаных аўтараў складалі галоўную праграму, а конкурсную – са свежага незалежнага беларускага кіно. Цяпер трэба думаць пра новы фармат. Думаць, што з гэтым рабіць. Мы прымаем і кароткаметражнае кіно, і поўны метр. Нейкіх абмежаванняў не было, хоць кожны ведаў, што аддаём перавагу кароткаму метру, хаця б з той прычыны, што самыя абмежаваныя часам прагляду. Але што рабіць, калі нам дасылаюць поўны метр, які можа і не супер, але, каб расцягнуць прагляды на некалькі дзён, то, можа, было б і варта яго паказаць. Напрыклад, фільм, які цалкам здымаўся ў 2023 годзе ў Менску. Уяўляеш сабе? І такі маем на Bulbamovie.

– То бок сувязь з Беларуссю не губляецца?

– На жаль, гэта не так. Той фільм хіба выключэнне. Я нядаўна быў у Літве, на майстар-класах. Там прысутнічала каманда беларускіх кіношнікаў-партызанаў. Казалі: не ведаем, чаго чакаць, жывём увесь час у трывозе, што на цябе нешта знойдуць.

Але што цешыць: кіношнае жыццё там, аднак, працягваецца, а мы пра яго не ведаем, бо не маем кантакту з Беларуссю. Людзі штосьці ствараюць, але на «Bulbamovie» баяцца гэта паказваць. З розных прычынаў. Мне сказалі, што наш фестываль успрымаецца адтуль як апазіцыйны. Хоць калі пачыналі ў 2011 годзе, ён успрымаўся больш як панкаўскі. Але ж потым быў 2020-ы…

«Вось такое кіно трэба рабіць!»

– Вернемся ў Варшаву. Ты сказаў, што глядач прагне ігравога кіно. Ці будзе яно ўвогуле на «Bulbamovie-2023»?

– Будзе, але, на жаль, няшмат. Гэта першы серыял «Белсату» «Працэсы» Андрэя Кашперскага і Міхася Зуя, які пакажам 25 лістапада (20:00), а перад ім пакажам мой фільм «Бусел» (19:00). Зрабілі адзін за другім, каб атрымаўся блок, бо болей фабулярных фільмаў не маем. Не хачу спойлерыць, але ў фінале «Бусла» мой герой едзе ў Беларусь… 2020 года. Ну а «Працэсы» быццам працягнуць апавядаць пра Беларусь пасля 2020-га. Хоць гэта зусім розныя фільмы… Набыць квіткі на «Працэсы» ды іншыя фільмы «Bulbamovie» можна онлайн – хоць цяпер. Вельмі запрашаем да прагляду!

Януш Гаўрылюк. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

– «Працэсы» вядуць у Беларусь. Але «Bulbamovie» пачнецца сёлета з развітання з ёю, так?

– «Развітанне» – менавіта гэтак называецца фільм Якуба Станкевіча, які адкрые праграму 24 лістапада (19:15). Гэта будзе прэмʼера стужкі. Тыповая беларуская гісторыя. А значыцца, не вельмі вясёлая. Фільм пра гісторыю шмат якіх беларусаў. Магчыма, апошні фільм, зроблены ў Беларусі. Вельмі важны для беларусаў, я думаю, бо закранае ледзь не кожнага.

У суботу 25-га пакажам фільм пра Андрэя Саннікава «Такога кшталту надзея» швейцарскага рэжысёра польскага паходжання Паўла Січэка. І ў той жа дзень – «Працэсы» і мой «Бусел». Нядзеля будзе больш спакойная. Але заклікаю прыйсці на прэмʼеру белсатаўскай прадукцыі – фільму «Да апошняга» Настассі Карповіч. Стужка пра палешукоў, якія жывуць на польска-нямецкай мяжы. Вельмі крутая гісторыя. Пасля прагляду можна будзе сустрэцца з героямі фільму і з аўтарам першай кнігі на палескім дыялекце «Оньдэ» Аляксеем Дзікавіцкім.

І нарэшце апошнім фільмам фестывалю – і своеасабліваю спражкаю з першым, з «Развітаннем» – будзе стужка Аляксандра Матафонава «Так многа і так мала», якую ён пачаў здымаць у 2020 годзе, а потым з сямʼёй зʼехаў у Польшчу. Фільм здымаўся тры гады. Пра дзяцей, якія проста… ох, не буду спойлерыць…

– Не, не трэба. Што, на твой погляд, будзе разынкаю дзявятага «Bulbamovie»?

– Калі вяртацца да таго, што мы маем мала ігравога кіно, то «Працэсы». У прыватнасці, эпізод «Прыснілася». На мой погляд, найлепшы адцінак усіх «Працэсаў», з Алегам Гарбузам у галоўнай ролі. Я ў захапленні! Кавалак сапраўднага і добрага ігравога кіно. Проста круты фільм. Думаю, што ён выклікае ўражанні. Вось такое кіно трэба рабіць! Якаснае, беларускае і ў той жа час універсальнае. Будзе зразумелае і ў Беларусі, і па-за ёю. Там усё. Ну і Гарбуз! Не толькі ён – усе…

Дзе шукаць грошы

– Гарбуз там цудоўны, гэта праўда. Кажаш, трэба рабіць такое кіно, але…

– Разумею, пра што хочаш спытацца. У Варшаве жыве цяпер шмат беларусаў, якія б хацелі займацца кіно. І ў межах фэсту адбудзецца прэзентацыя праекту «Маладая Еўропа» (25 лістапада, 13:30) польскага фонду дакументальнай адукацыі, якую зладзяць Мірослаў Дэмбіньскі і Яцэк Блавут. Яны выкладаюць у кінашколе ў Лодзі і шмат гадоў дапамагаюць беларускім і ўкраінскім кінадакументалістам. Вельмі запрашаю на прэзентацыю, бо там можна будзе пачуць, якія крокі трэба зрабіць, каб трапіць да іх са сваім праектам. Да таго ж на сустрэчы з імі можна будзе паразмаўляць асабіста.

Януш Гаўрылюк. Варшава, Польшча. 13 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Шмат людзей не ведае, дзе шукаць грошы, куды падаваць праекты, але тое, што яны робяць, – рэальная рэч. Пакажуць новыя свае праекты, зробяць прэзентацыю. У межах гэтай прэзентацыі мы пакажам іхную новую прадукцыю – фільм «Букіністы», дэбют украінскай рэжысёркі Таццяны Ганьжы, зняты ў межах праекту «Маладая Еўропа».

– Добры шанец, каб пачаць. Максім Жбанкоў нядаўна напісаў, што сітуацыя непрытульнасці, у якой апынуліся беларусы, дае шанец усім, каб пачаць усё з нуля. Згодны?

– О, мы заўсёды з нуля пачынаем! Праходзіць пару гадоў – ізноў з нуля (смяецца). З нуля пачыналі ў 2011-м, з нуля – у 2023-м. А мінула колькі гадоў? Дванаццаць. Ну, такое жыццё. Але так, ён мае рацыю – з нуля.

«Добра, што мы гэта пачалі ў 2011-м»

– Падводзячы вынік: што б ты параіў здымаць ужо для наступнага, дзясятага, дарэчы, кінафестывалю «Bulbamovie»?

– Давай размяжуем на ігравое і дакументальнае. Бо дакументальнае не згіне. Ёсць добрыя аўтары і шмат метраў. Сходу магу пяць прозвішчаў назваць: ад культавага Юрыя Хашчавацкага да Віктара Аслюка, Андрэя Куцілы, Максіма ШведаНастассі Мірашнічэнкі і гэтак далей. Яны шмат зрабілі, і частка з іх будзе здымаць далей, нягледзячы ні на што. Гэта факт. А назаві мне пяць аўтараў ігравога кіно… Я, напрыклад, маю праблему. Яго бракуе.  Калі мы пачыналі фестываль у 2011 годзе, гэтая праблема была, і вось 2023-ці – ёсць і цяпер.

Таму тым аўтарам, якія ў эміграцыі, раіў бы здымаць ігравое кіно ў Варшаве, шукаць тэмы тут. Ды хоць у гэтым бары! Там, дзе беларусы. Я б, напрыклад, зняў бы ігравое кіно пра беларуса, які жыве ў Варшаве і едзе на фронт, у полк Каліноўскага. Ігравое. Гэта крута было б. Тут не трэба прыдумляць сюжэтаў, якія адбываюцца ў Менску, а рабіць з таго, што ёсць тут. Гісторыяў – налева і направа. А ёсць жа яшчэ сучасная беларуская літаратура. Я не разумею, чаму незалежныя беларускія кіношнікі не звяртаюцца да яе, да гатовых сюжэтаў, якія можна адаптаваць для сцэнара. Павінны так рабіць. Бо галоўная праблема – сцэнар…

Што рабіць тым, хто ў Беларусі, я раіць не буду, бо не быў там ужо тры гады. Але ведаю, што і там кіно не заглухла, нешта ствараецца, робяцца закрытыя паказы ў кватэрах. Напэўна, і там ёсць штосьці…

– Ёсць. І ў сітуацыі, калі «Лістапад» пазбавіўся беларускага конкурсу, адзіны паратунак – «Bulbamovie»?

– Сурʼёзна, я не спадзяваўся, што давядзецца ратаваць беларускае кіно пасля чатырох гадоў перапынку «Bulbamovie». А з іншага боку, гэта проста такі невялікі перакур быў, можна сказаць. Добра, што мы гэта пачалі калісьці, у 2011-м. Таму працягваем. Як галоўны і адзіны на свеце фестываль беларускага кіно. Гэта крута! Запрашаем.

9 фестываль беларускага кіно пройдзе ў Варшаве з 24 да 26 лістапада (кінатэатр «Ілюзіён», вул. Нарбута 50а). Квіткі на паказы можна набыць онлайн або ў кінатэатры ўжо сёння. «Белсат» – галоўны партнёр фестывалю «Bulbamovie».

Hавiны
Фільм беларускага рэжысёра стаў лаўрэатам Міжнароднага кінафестывалю ў Нямеччыне
2023.11.12 14:18

Зміцер Міраш belsat.eu