«Беларусам адчуў сябе ў 19 год». Размова з рэдактарам «Белсату» і арганізатарам фэсту «Bulbamovie»


Януш Гаўрылюк / Janusz Gawryluk
Януш Гаўрылюк.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Януш Гаўрылюк нарадзіўся ў Бельску-Падляскім 19 красавіка 1975 года. Старэйшы рэдактар праграмаў. Рэдактар выданняў «Ваяры» і цыклу «Невядомая Беларусь».

– Януш, па-першае, дазволь цябе шчыра павіншаваць з поспехам 8-га кінафестывалю «Bulbamovie». Ты стварыў гэты фестываль, прыдумаў яго назву і адчайна змагаўся за імпрэзу нават тады, калі з-за адсутнасці сродкаў не было магчымасці яе праводзіць.

– Ідэя ўзнікла ў 2011 годзе, калі я раптам пабачыў, што на фестывалі «Лістапад» у Менску адсутнічае конкурс уласна беларускіх фільмаў. І вырашыў гэтым вельмі шчыльна заняцца. Вось мы чатыры гады не праводзілі фестывалю, а ў сёлетнім лістападзе ўбачылі, як вырасла запатрабаванасць у беларускім кіно ў сувязі з вялізным наплывам беларускіх эмігрантаў. І тых, хто ў Літве, і тых, хто ва Украіне, Грузіі ды ўласна тут, у Польшчы, дзе беларуская дыяспара стала вельмі магутнай. Мы там паказвалі вельмі якасныя фільмы, зробленыя «Белсатам».

– А ты сам хіба беларус?

– Самы што ні на ёсць кроўны. Бельск-Падляскі – невялікі горад, каля 20 тысяч чалавек. Палова жыхароў – каталікі, а палова – праваслаўныя. Я быў хрышчоны ў царкве. Ніхто не ведаў, і я таксама, што я паводле крыві беларус. І ніхто мне нічога не тлумачыў. Хаця ў Бельску была беларуская школа, быў беларускі ліцэй. На Падляшшы заўсёды жылі беларусы. Яны лічылі сябе тутэйшымі. І мая бабуля, і мой дзядуля, як я цяпер ведаю, размаўлялі па-беларуску.

Брус Лі як кумір маладосці

– Я ў дзяцінстве захапіўся Брусам Лі і штодзённа трэнаваўся. Хацеў быць такім, як ён, і ў будучыні зʼехаць у Гон-Конг. Туды, дзе Брус нарадзіўся. Там меркаваў вучыцца ў школе кунг-фу. І граць у фільмах. Я хацеў быць акторам.

– Дык вось адкуль гэтая прага да кіно?

– Я жыў у маленькім горадзе, дзе не было нават гуртка фатаграфіі. А раней у нас быў кінатэатр, які называўся «Зніч». І ў 80-я гады гэта была адная забава. З захапленнем глядзелі вестэрны, «бондыяны». І мне вельмі захацелася самому здымаць такія вострасюжэтныя фільмы. У нас адзіная спецыялізаваная крама была ў Бельску – «Фотаоптык» называлася. Там такая савецкая камера прадавалася, якая здымала на стужку. Але вельмі шмат каштавала. І я не мог яе купіць. Толькі распісваў для сябе сцэнары.

Януш Гаўрылюк / Janusz Gawryluk
Януш Гаўрылюк падчас размовы з Алесем Пуцілам.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Скончыў ліцэй, паралельна працягваў займацца ў секцыі кікбоксінгу. Хаця не ў нашым горадзе. Ездзіў за 50 кіламетраў на поўдзень у Сямятычы, дзе такая секцыя была. У 17 гадоў я ўзяў удзел у дарослым чэмпіянаце Польшчы па кікбоксінгу і заваяваў бронзавы медаль. Гэта было вялікае шчасце. Як асэнсаванне таго, то ўсё гэта не дарэмна.

А яшчэ паступіў у цыркавую школу, якая была пад Варшаваю. Праз два з паловаю гады, як яе скончыў, школу зачынілі. Але я пачаў жыць у Варшаве і меў падпрацоўку. Па выходных на плошчах і вуліцах хадзіў на хадулях, жангляваў, забаўляў дзяцей і дарослых.

Нарэшце адчуў сябе беларусам

– Пазнаёміўся з дзяўчынаю, якая была выпускніцаю беларускага ліцэю і сказала, што пойдзе на беларускую філалогію ў Варшаўскім універсітэце. Ну, і я з ёй пайшоў. Там не было экзаменаў. Толькі размова. Мне казалі, што трэба нешта пра Беларусь распавесці.

Да таго ж, маці мая працавала на пошце, і яна мне знайшла такое польска-беларускае беластоцкае выданне «Часопіс». І там пісаў пра беларусаў Падляшша Сакрат Яновіч. Дзякуючы таму, што я пачаў чытаць фельетоны Яновіча, а паралельна вывучаў беларускую філалогію, мяне як прасвятліла, чаму мае дзяды размаўлялі крыху інакш, чым палякі. Ува мне ажылі мае беларускія корані.

Януш Гаўрылюк / Janusz Gawryluk
Януш Гаўрылюк.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Пасля сканчэння факультэту філалогіі ў Варшаўскім універсітэце яшчэ пайшоў на два з паловаю гады паслядыпломнай адукацыі, на журналістыку. Курс называўся «Лабараторыя рэпартажу». Там выкладаюць не дацэнты і прафесары, а практыкі. Напрыклад, заняткі па дакументальным кіно вёў Мацей Дрыгас, вядомы польскі рэжысёр-дакументаліст, педагог лодзінскай кінашколы. Нюансы тэатральнай драмы выкладаў вядомы польскі драматург і рэжысёр, мастацкі кіраўнік Варшаўскага драматычнага тэатру Тадэўш Слабадзянек. А калі праходзілі курс «Апавяданне», то з намі займаўся знаны польскі пісьменнік Марэк Навакоўскі. Я вучыўся ў той «Лабараторыі рэпартажу» і меў тры трохмесячныя курсы практыкі на польскім радыё ў рэдакцыі беларускай. Вельмі цікавіўся беларускай культурай, слухаў музыку беларускую.

Аднойчы я пажадаў зрабіць радыёрэпартаж пра ліцэй Коласа і паехаў у Беларусь. Гэта была мая першая камандзіроўка як радыёжурналіста. Стаяў 2004 год. Акрамя таго, захацеў даведацца, а якое ж ёсць беларускае кіно. Але нідзе не мог знайсці нічога. І гэта была праблема – у тым, што ў Беларусі беларускага зусім мала. Сказалі, што ёсць такое рэдкае кіно – «Містэрыя. Акупацыя». Нейкі Андрэй Кудзіненка гэта зрабіў. І мне далі на DVD паглядзець. Яно вельмі ўразіла. Да самай глыбіні. Фільм стаў культавым, і Андрэй сам ездзіў па Польшчы і шмат дзе яго паказваў. І я вырашыў, што паеду абавязкова пазнаёміцца з ім, як журналіст, і ўзяць інтэрв’ю. Мы пасябравалі.

Праз год гэты рэжысёр прыехаў на «Gaude Polonia» з краінаў Сярэдне-Усходняй Еўропы, у першую чаргу – з Беларусі ды Украіны). І ён мяне шмат вучыў беларускаму кіно. А я яго – беларускай мове.

Даведка

«Gaude Polonia» – паўгадавая стыпендыяльная праграма міністра культуры Рэспублікі Польшча, прызначаная для маладых творцаў культуры (кіно, фатаграфія, музыка, выяўленчае мастацтва, тэатральная і кінакрытыка, літаратурны пераклад польскай літаратуры).

Першыя крокі ў кірунку «Белсату»

Даведаўся, што ёсць такі беластоцкі аддзел польскага тэлебачання. І там Юры Каліна робіць праграму беларускую раз на тыдзень. Я з ім звязаўся, каб запісаць інтэрв’ю для нашага сайту. Сказаў, што купіў камеру, і ён мяне запрасіў да сябе на стажыроўку. Я рэгулярна ездзіў з Варшавы ў Беласток. І там, разам з іншым журналістам, Колем Ваўранюком, мы рабілі праграмы для беларускай меншасці. Юры Каліна быў галоўным рэдактарам. Стаяў 2006 год, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. І Юры Каліна параіў мяне свайму даўняму сябру Ярэку Каміньскаму. Аднойчы ён сказаў: «О, з беларускай тэматыкай зараз будзе шмат працы». Але «Белсат» яшчэ цэлы год рыхтаваўся. І тады мяне запрасілі на курсы пад Варшаваю. Я прайшоў гэтыя курсы. А потым стаў каардынаваць іх. Гэта былі курсы аператарскія, журналісцкія, мантажныя для беларусаў з Беларусі, якія хочуць працаваць на «Белсаце». Там аператары з TVP, TVN выкладалі. Калі «Белсат» распачаўся, то мы мелі ўжо сетку падрыхтаваных карэспандэнтаў ува ўсіх кутках Беларусі: і Горадня, і Берасце, і Пінск, і Бабруйск, і Гомель, і Віцебск. І я ўсіх іх ведаў, бо быў адказны за тое, каб забяспечваць калегаў тэхнікай. Тады вылучылі нейкі грант, і мы вырашылі, што лепей купляць камеры ў Маскве. Мы набылі 20 камераў, 20 штатываў, 20 мікрафонаў, камплектаў святла. І кожны беларускі аператар садзіўся на цягнік і асабіста прыязджаў па тэхніку ў Маскву. А пасля мы з вядомым польскім аператарам Юрэкам Эрнстам ездзілі па Беларусі і на месцы вучылі калегаў тэхніцы відэаздымак. Але да 2010 года быў такі перыяд, калі ў Беларусі мала што адбывалася. Часам цяжка было знайсці навіны. Усё ажывілася пасля выбараў 19 снежня 2010 года, калі былі вялікія пратэсты. Зноў пайшлі турмы і для пратэстоўцаў, і для кандыдатаў у прэзідэнты.

Януш Гаўрылюк / Janusz Gawryluk
Варшаўскі мікрараён Урсынаў, дзе Януш Гаўрылюк правёў большую частку жыцця ў польскай сталіцы.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Як ты кажаш, цяпер такія рэаліі, што планаваць нельга нават на найбліжэйшую перспектыву. Але гэта не значыць, што ўсё будзе кепска.

– У 1998 годзе я ўпершыню адчуў сябе беларусам напоўніцу, калі пасля школы скончыў ліцэй і пайшоў на беларускую філалогію, што канчаткова звязала мяне з Беларуссю. І як тады, гэтак і цяпер я хачу мець магчымасць нармальна ездзіць у Беларусь. Сустракацца і ажыццяўляць самыя разнастайныя і амбітныя праекты. І веру, што цягам 2023-га павінна там усё змяніцца. Ужо хутка 25 год, як я звязаны з беларускай тэматыкай вельмі шчыльна: «Белсат», «Bulbamovie», беларускія сябры. Можа, удасца яшчэ папрацаваць, напрыклад, на «Беларусьфільме». Таму шчыра веру, што і мой сын, і ўсе нашчадкі беларусаў, якія нарадзіліся ў Польшчы, абавязкова зробяць усё, каб назаўсёды аднавіць у гэтым месцы Еўропы Беларусь і беларускасць.

Інтэрв’ю
Сяргей Пеляса: «Белсат» нарадзіўся ў выніку дзвюх рэвалюцыяў
2022.12.13 15:45

Гутарыў Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў