Распаўся этна-гурт «Троіца». Ён праіснаваў 22 гады


Беларускі этна-гурт «Троіца», які быў заснаваны ў 1996 годзе, распаўся. Пра гэта паведаміў лідар калектыву Іван Кірчук.

Выступленне гурта «Троіца» у палацы культуры імя Шарко. Менск, Беларусь, 15 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Чарговы жыццёвы этап завяршыўся. Я прыняў рашэнне распусціць калектыў. Чакаю вас на маіх сольных выступах», – напісаў Іван Кірчук.

За 22 гады існавання гурт выпусціў сем студыйных альбомаў і атрымаў мноства ўзнагарод. Сама група з Менску, але прадстаўляла беларускі фальклор на міжнародных фестывальных пляцоўках, ад Еўропы да Чылі.

Творчы кірунак, у якім выступалі музыкі, спецыялісты называюць прагрэсіў-фолкам, гэтым тлумачыцца прымяненне разнастайных і незвычайных інструментаў.

Стваральнік і лідар «Троіцы», 64-гадовы Іван Кірчук, аб’ездзіў Беларусь у этнаграфічных экспедыцыях, падчас якіх збіраў унікальныя матэрыялы беларускай гісторыі. Ён адзін з найбуйнейшых сучасных збіральнікаў і папулярызатараў традыцыйнага фальклору. Апроч альбомаў гурта і сольных праектаў, ён рэгулярна выдае матэрыялы ўласных экспедыцый, папаўняючы веды пра беларускую культуру.

Амаль год таму ў Івана Кірчука здарыўся інфаркт, тады ў шпіталі яму зрабілі аперацыю.

Фота
Не лірай адзінай. Гурт «Троіца» 22 гады на сцэне
2021.05.17 09:53

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў