Літоўскі дэпутат абвінаваціў беларусаў у прысабечванні ВКЛ


Старшыня парламенцкага камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Лаўрынас Касчунас заявіў, што беларусы прысабечваюць гісторыю Літвы, і загадаў ім не называць сябе ліцвінамі, піша «Delfi».

Старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Касчунас.
Фота: Laurynas Kasčiūnas / Facebook

Як сказаў старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны літоўскага Сейму Лаўрынас Касчунас, прадстаўнікі беларускага дэмакратычнага руху, якія жывуць у ягонай краіне, мусяць быць занепакоеныя ўсё больш заўважнымі праявамі ліцвінства:

«Мы павінны дакладна правесці пэўныя чырвоныя лініі. Я не кажу, што гэтае ліцвінства з’яўляецца нейкай палітычнай праграмай, накіраванай супраць нас. Не. Мы чуем і прадстаўнікоў апазіцыі, якія ад яе дыстанцуюцца. Але нягледзячы на гэта, усё больш зʼяўляецца тых, хто зараз пра гэта кажа».

Hавiны
Святлана Ціханоўская: Беларусы ніколі не будуць мець тэрытарыяльных прэтэнзіяў да суседзяў
2023.08.14 20:10

Дэпутат ведае пра выпадкі, калі некаторыя беларусы, атрымаўшы дазвол на пражыванне ў Літве, заяўляюць прэтэнзіі на гісторыю Вільні і Літвы.

«Калі асоба, якая прыбыла ў Літву згодна з праграмаю кваліфікаванай прафесіі, атрымаўшы магчымасць працаваць і зарабляць, працягвае адкрыта сцвярджаць у Facebook, што Літва – гэта нейкі прадукт Масковіі, не думаю, што такая асоба мае права працягваць пражыванне ў Літве», – сказаў Касчунас, спасылаючыся на нядаўнія бурныя дыскусіі адносна ўзмацнення жорсткасці абмежавальных захадаў для беларусаў.

Ён назваў нармалёвым дзяліцца гісторыяй у нейкай ступені, аднак «прысабечваць гісторыю Літвы – гэта ўжо нядобра».

«У плане самасвядомасці знаходжанне ў прасторы ВКЛ, ідэнтыфікацыя з прасторай ВКЛ сапраўды звязвае беларускае грамадства з Захадам, а не з Усходам. Але маецца пытанне межаў, як дзяліцца гэтай спадчынай», – адзначыў кіраўнік камітэту нацыянальнай бяспекі.

Hавiны
Літоўская міністарка: Не варта выганяць з Літвы беларусаў, якія ўцякалі ад рэжыму
2023.08.17 15:48

Дэпутат заявіў таксама, што не жадае з’яўлення ў сваёй краіне суполкі, якая «прапаведуе гэтак званую ліцвінскую ідэалогію, якая мала таго, што прысабечвае Вялікае Княства Літоўскае, але і сцвярджае, што сапраўдныя ліцвіны – гэта беларусы, а мы дзесьці на перыферыі».

Напрыканцы Лаўрынас Касчунас даў хатняе заданне беларускай дыяспары:

«Мы мусім быць гнуткімі, мы мусім зрабіць так, каб такіх праяваў не было. І даць сігнал тым жа лідарам беларускай апазіцыі – паглядзіце, каб хоць у вашай супольнасці такіх рэчаў не было. Думаць пра гэта мусім не мы. У першую чаргу пра гэта задумацца павінна беларуская грамада – гэта іхнае хатняе заданне».

Hавiны
У Літве ізноў заклікаюць зрабіць аднолькавымі абмежаванні для беларусаў і расейцаў
2023.08.07 22:17

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў