Былы баец палка Каліноўскага, якога падазраюць у забойстве свайго пабраціма, абвясціў галадоўку


Былы ваяр палка Каліноўскага, якога вінавацяць у забойстве іншага беларускага добраахвотніка, пайшоў на скрайні крок – абвясціў галадоўку. Ён ужо паўгода застаецца за кратамі пад следствам. Да галадоўкі далучыўся і бацька падазраванага, паведамляе радыё «Ўнэт».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: na-dache.pro

16 чэрвеня родныя экс-ваяра палка Каліноўскага прыйшлі да Генеральнай пракуратуры Літвы, каб выказаць нязгоду з тым, як ідзе следства ў справе. Падазраваны хлопец паўгода застаецца за кратамі, у якасці доказу сваёй невінаватасці ён запатрабаваў праходжанне паліграфу. Пракурор спачатку пагадзіўся, а пасля адмовіў.

«Яшчэ ў лютым пракурор пагадзіўся, усе добра, мы вам дазваляем паліграф, але ў канцы траўня ў самы апошні момант сказалі, што паліграфу не будзе. І даказаць сваёй невінаватасці ён не можа. Я ўжо напісаў афіцыйны ліст і ў Генеральную пракуратуру, і ў прэзіндэнтуру, для таго, каб чалавека пачулі. Не пачуюць сёння, значыць будзем выходзіць далей. Паліграф у гэтай справе хутчэй як ускосны доказ, бо паводле законаў Літвы ён не ёсць доказам, але гэта як дадатковая экспертыза. Парадаксальна тое, што дзяржаўнага паліграфіста няма ў Літве, усе дзяржаўныя ўстановы нам адмовілі і сказалі, што ў іх няма спецыялістаў. Мы знайшлі прыватнага паліграфіста, гатовыя заплаціць яму грошы, а гэта немаленькая сума, пракурор спачатку пагадзіўся. Але пасля адмовіўся», – распавёў Сяргей, бацька падазраванага.

Нагадаем, у снежні 2022 года ў адным з жылых дамоў Вільні быў знойдзены труп грамадзяніна Беларусі з колата-рэзанай ранай у вобласці грудной клеткі. Паводле справы затрымалі яшчэ аднаго беларуса, які быў побач у той момант.

Паводле словаў Сяргея, следства лічыць, што гэта было забойства, аднак ягоны сын кажа, што гэта было самазабойства. «Ён усе гэта бачыў, яны былі ўдвух у адным пакоі. На нажы няма адбіткаў сына, толькі адбіткі загінулага Мікіты. Былі пытанні да экспертаў, ці можна гэтыя адбіткі выдаліць, адказ: не, малаімаверна. Сыну ніхто не верыць», – кажа бацька.

Цяпер дасудовае расследаванне працягнутае яшчэ на месяц.

Абноўлена
У Вільні загінуў былы ваяр палка Каліноўскага. Яго знайшлі з нажом у сэрцы
2022.12.21 16:52

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў