Украіна знішчыла расейскі стратэгічны бамбавік Ту-22М3


У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што ў Стаўрапольскім краю разбіўся ракетаносец-бамбавік далёкай авіяцыі Ту-22М3. Пра гэта піша РБК.

У Мінабароны РФ кажуць, што Ту-22М3 «вяртаўся на аэрадром пасля выканання баявога задання». Нагадаем, раніцай 19 красавіка Расея ўчыніла ракетную атаку на Днепрапятроўскую вобласць, ёсць загінулыя і параненыя.

Расейскі бок сцвярджае, што прычынай катастрофы Ту-22М3 нібыта магла стаць тэхнічная няспраўнасць.

Камандуючы Паветранымі сіламі Украіны Мікола Алэшчук заявіў, што расейскі самалёт быў знішчаны ў выніку супольнай аперацыі зенітных ракетных падраздзяленняў і ГУР Мінабароны. Алэшчук падкрэсліў, што ТУ-22М3 ёсць носьбітам ракетаў Х-22, якімі расейцы бʼюць па мірных украінскіх гарадах.

РБК-Украіна паведамляе, што знішчэнне самалёта – гэта аперацыя ГУР Мінабароны Украіны. Бамбавік быў атакаваны на адлегласці 300 км ад украінскай тэрыторыі.

«Гэта першы самалёт стратэгічнай авіяцыі, які атрымалася знішчыць Украіне падчас палёту. Ён наносіў удары па Украіне», – зазначыла крыніца выдання.

Першым пра падзенне стратэгічнага бамбавіка паведаміў кіраўнік Стаўрапольскага краю РФ Уладзімір Уладзіміраў. Ён зазначыў, што лётчыкі катапультаваліся: трох ужо знайшлі і эвакуявалі з месца здарэння, а чацвертага шукаюць.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў