Медыі: Ізраіль нанёс паветраны ўдар па Іране


Ізраіль нанёс удар па аб’ектах на тэрыторыі Ірану. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на амерыканскага чыноўніка.

«NBC News» паведамляе са спасылкай на свае крыніцы, што ўдар Ізраілю меў абмежаваны характар. ЗША ў гэтай аперацыі ўдзелу не прымалі.

Паводле медыяў, выбухі было чуваць каля вайсковай базы ў правінцыі Ісфахан.

Пры гэтым іранскія дзяржаўныя медыі сцвярджаюць, што ўсе аб’екты, размешчаныя ў гэтым раёне (у тым ліку ядравая аб’екты), застаюцца ў бяспецы.

CNN зазначае, што ўлады Ірану, імаверна, спрабуюць прыменшыць шкоду ад атакі.

На фоне інфармацыі пра паветраную атаку ў Іране на некалькі гадзінаў былі затрыманыя рэйсы цывільнай авіяцыі, але цяпер абмежаванні знятыя.

Ізраіль пакуль не прызнаў афіцыйна паветранага ўдару па Іране.

Нагадаем, у ноч на 14 красавіка Іран запусціў па Ізраілі больш за 300 дронаў-камікадзэ і ракетаў. Ізраіль пры дапамозе саюзнікаў (ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Іярданія) здолеў адбіцца: 99 % запушчанага было знішчана ў паветры, загінулых няма. Асноўная маса беспілотнікаў і ракетаў была перахопленая самалётамі яшчэ да таго, як яны дасягнулі ізраільскай паветранай прасторы.

Пасля іранскай атакі афіцыйныя асобы Ізраілю паабяцалі нанесці ўдар у адказ.

Аналітыка
Блізкі Усход на «нязведанай тэрыторыі». Якім будзе адказ Ізраілю на напад Ірану?
2024.04.15 19:23

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў