news
Агляд
Стрымаць Пуціна і залагодзіць Трампа. Да чаго не прыйшлі на канферэнцыі бяспекі ў Мюнхене
З 16 па 18 лютага ў нямецкім Мюнхене прайшла міжнародная канферэнцыя ў пытаннях бяспекі.
20.02.202410:20

З 16 да 18 лютага праходзіла міжнародная Мюнхенская канферэнцыя аб бяспецы. І гэтым разам яе ўдзельнікі былі вельмі моцна заклапочаныя праблемамі бяспекі і пагрозаў з боку Расеі. І не сказаць, каб на гэтыя пытанні былі знойдзеныя адказы.

Мюнхенская канферэнцыя аб бяспецы – 2024. Панэльная дыскусія «Будучыня Украіны і трансатлантычная бяспека». Крыніца: securityconference.org

У канферэнцыі трэці раз брала ўдзел дэлегацыя дэмакратычнай Беларусі на чале з абранаю прэзідэнткаю Святланаю Ціханоўскай. Ейны дарадца ў пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі лічыць гэты ўдзел паспяховым: з усіх трох канферэнцыяў сёлетняя мела найбольш насычаную і складаную праграму. У прыватнасці Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Чэхіі, міністрамі замежных справаў Эстоніі і Мальты, міністрамі абароны Латвіі і Эстоніі, дзяржаўным сакратаром, мінулаю кіраўніцаю Палаты прадстаўнікоў і шэрагам кангрэсменаў ЗША, з Юліяй Навальнаю. Таксама адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам тэхналагічных кампаніяў: «Google», «Signal», «OpenAI».

«Мы вельмі канкрэтна размаўлялі пра патрэбы беларусаў, пра бяспеку ў краіне, пра асаблівы доступ да прадуктаў для беларускіх НДА», – сказаў Кучынскі ў каментары «Белсату».

Апроч таго, Ціханоўская брала ўдзел у шэрагу панэльных дыскусіяў і падзеяў, у выніку чаго ў яе «публічных выступаў было ў некалькі разоў болей, чымся ў іншых удзельнікаў, нават міністраў».

«Было вельмі шмат зацікаўленасці да тэмы Беларусі», – адзначыў суразмоўца.

Паводле Кучынскага, пасля з’яўлення інфармацыі пра забойства ў Расеі Аляксея Навальнага «канферэнцыя і ўсё, што адбывалася ў кулуарах», пачала канцэнтравацца на гэтай тэме:

«Святлана Ціханоўская звяртала ўвагу на тое, што калі для дыктатараў Пуціна і Лукашэнкі гэта не станецца сапраўднаю чырвонаю лініяй, то гэта можа стацца для іх зялёным святлом для яшчэ большых рэпрэсіяў і абсалютнага варварства».

Hавiны
Ціханоўская пра смерць Навальнага: Выглядае, што справа абмяжуецца «глыбокімі спачуваннямі»
2024.02.17 20:32

Суразмоўца адзначыў: на канферэнцыі панавала разуменне таго, што «ў Пуціна і зброі, якую ён выкарыстоўвае, больш няма ніякіх засцерагальнікаў, таму адказ на такія дзеянні мусіць быць моцны». Следствам такога разумення Кучынскі назваў заяву Рады Еўразвязу за 19 лютага, якая «падтрымлівае большы ціск на рэжым Лукашэнкі, выказвае вялікую занепакоенасць у дачыненні парушэння правоў чалавека, падтрымлівае еўрапейскую будучыню Беларусі, звяртае асобную ўвагу на нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў, падкрэслівае важнасць супрацы з Еўразвязам, у прыватнасці кансультацыйную групу дэмакратычнай Беларусі».

«Разгубленасці на канферэнцыі не было, але было разуменне, што рэжымам Пуціна і Лукашэнкі трэба адказваць моцна і рашуча», – заўважае дарадца Ціханоўскай.

Уладзімір Зяленскі на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы – 2024. Крыніца: securityconference.org

Ва Украіне спадзяюцца на лепшае

Станоўча каментуюць вынікі канферэнцыі і ўлады Украіны. Гэтак, віцэ-прэм’ерка ў пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Вольга Стэфанішына адзначыла, што існуе выразная яснасць адносна далейшага прасоўвання еўраінтэграцыі, а таксама ёсць усведамленне партнёрамі неабходнасці ўзмацніць еўрапейскую абаронную палітыку.

«Еўрапейская абаронная палітыка мусіць быць узмоцненая, яна мусіць быць больш заможнай і суверэннай у частцы сваёй бяспекі. І гэтыя рашэнні ўжо будуць прынятыя. А з іншага боку, самі прэмʼеры еўрапейскіх краінаў пацвярджаюць, што трэба ўзмацніць свае намаганні, каб перадаць Украіне ўсю неабходную зброю», – адзначыла Стэфанішына.

Як трэці самы важны момант палітык назвала разуменне важнасці галасавання ў Кангрэсе ЗША за наданне дапамогі Украіне, якое, на ейную думку, будзе станоўчым.

Еўропа на раздарожжы

Пра тое, што пытанні адказу на дзеянні Расеі былі ключавыя падчас канферэнцыі, пішуць і сусветныя медыі. Паводле Le Monde, «моцнае пачуццё неадкладнай неабходнасці абараняць Еўропу ахапіла ўдзельнікаў 60-й Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы». Яго сярод іншага ўзняў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які заклікаў прысутных запытацца сябе, «чаму Пуцін усё яшчэ здольны працягваць вайну».

«Захаванне ва Украіне штучнага дэфіцыту ўзбраенняў, асабліва дэфіцыту артылерыі і сродкаў далёкага дзеяння дазваляе Пуціну адаптавацца да цяперашняй інтэнсіўнасці вайны», – сказаў Зяленскі.

Таксама і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц падкрэсліў, што «пагроза з боку Расеі рэальная», таму еўрапейскія «магчымасці стрымлівання і абароны мусяць быць надзейныя», каб Пуцін зразумеў, што NATO можа абараніць «кожны квадратны метр» сваёй тэрыторыі.

Пры гэтым, паводле Bloomberg, на канферэнцыі прадстаўнікі краінаў NATO ў прыватных гутарках усё ж прызнавалі магчымасць нападу Расеі, бо «яны ўсё больш сумняваюцца ў тым, што ЗША захаваюць сваю традыцыйную ролю абароны Еўропы як часткі альянсу». Да такіх высноваў іх падштурхоўвалі ўсё больш ізаляцыянісцкія заявы са Злучаных Штатаў і вайсковыя поспехі Расеі ва Украіне. У прыватнасці абяцанне магчымага будучага прэзідэнта ЗША Доналда Трампа дазволіць Расеі рабіць з краінамі NATO «ўсё, чаго яна захоча».

«Прысутныя высокапастаўленыя чыноўнікі ў сферы бяспекі выказалі занепакоенасць наконт няздольнасці ЗША вылучыць мільярды долараў фінансавання Украіне і заявілі, што яны плануюць сцэнары, у якіх менавіта гэтае пагаршэнне падтрымання можа падштурхнуць Расею да беспасярэдняга нападу на хаўрусніка ў NATO», – піша «Bloomberg».

На думку міністра абароны Нямеччыны Борыса Пісторыюса, «гэта можа адбыцца праз пяць – восем гадоў».

«Калі грамадзянін Еўропы чытае, што Украіна адступіла з Аўдзееўкі, ён мусіць усведамляць адзіны факт: Расея стала на некалькі кіламетраў бліжэй да ягонага ўласнага дому. Кожнае прасоўванне Расеі ва Украіне набліжае расейскую зброю да дому еўрапейца сярэдняга класу», – заявіў кіраўнік украінскага МЗС Дмытро Кулэба.

Жанна Нямцова на Мюнхенская канферэнцыя аб бяспецы – 2024. Крыніца: securityconference.org

Некалькі амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў распавялі «Politico», што на канферэнцыі сярод іншага абмяркоўваўся план недапушчэння развалу ўкраінскага войска. Высокапастаўленыя ўдзельнікі настойвалі на тэрміновым вылучэнні дадатковых сродкаў Кіеву. Пры гэтым нават самыя актыўныя прыхільнікі дапамогі Украіне «не былі ўпэўненыя, як можа выглядаць яе патэнцыйная перамога», піша выданне.

Такія засцярогі пацвердзіў на канферэнцыі блізкі да Доналда Трампа сенатар-рэспубліканец Джэймз Дэйвід Вэнс, які заявіў, што Штатам трэба пераарыентаваць сваю замежную палітыку на Азію, пакінуўшы менш рэсурсаў Еўропе, бо тая «не выказвае дастатковай ініцыятывы», а «амерыканская коўдра бяспекі дазволіла еўрапейскай бяспецы атрафавацца». Пры гэтым Вэнс не пагадзіўся з тым, што Крэмль уяўляе для яе «экзістэнцыйную пагрозу». Больш за тое, ён адкрыты для супрацы з Пуціным, бо «той факт, што ён дрэнны хлопец, не азначае, што мы не можам займацца элементарнаю дыпламатыяй і ставіць у аснову інтарэсы Амерыкі».

Перацягнуць Трампа на светлы бок сілы

«The Washington Post» адзначае, што ў Мюнхене «прывід Трампа і трампізму навісаў над панэлямі, прысвечанымі вайне на Украіне і палітыцы Еўрапейскага Звязу, і дамінаваў у закуліснай балбатні як ніколі раней». Паводле выдання, Еўропа «занепакоеная і абураная, але не ведае, што рабіць далей». А пасля вестак пра смерць Навальнага «настрой стаў яшчэ больш змрочны».

Еўрапейскія палітыкі ўсё больш усведамляюць неабходнасць прыцягнуць Трампа і ягоных прыхільнікаў на свой бок, спрабуючы прадаць ім «наяўны сусветны парадак, а таксама падрыхтоўку да магчымасці яго краху». Дый амерыканскія дэмакраты прасілі еўрапейскіх калегаў націснуць на кожнага прысутнага ў Мюнхене кангрэсмена-рэспубліканца, каб ён прагаласаваў за дапамогу Украіне.

«У прыватным парадку дыпламаты кажуць, што іхныя амбасады працуюць звышмерна, спрабуючы зразумець, што адбываецца ў ЗША і якія каментары ці саступкі могуць знайсці водгук у рэспубліканцаў», – піша «The Washington Post».

У прыватных гутарках еўрапейскія чыноўнікі і дыпламаты часта ўздымаюць ідэю абяцаць амерыканцам больш жорсткія дзеянні ў дачыненні Кітаю ў абмен на падтрыманне Украіны і NATO, «хаця нямногія наважваюцца на канкрэтныя крокі».

Адзін з прадстаўнікоў еўрапейскіх службаў бяспекі на ўмовах ананімнасці заклікаў Еўропу «спадзявацца на лепшае, але рыхтавацца да горшага» адносна будучай палітыкі ЗША. На ягоную думку, нельга выключаць спынення дапамогі Украіне і надання Пуціну магчымасці дэстабілізаваць рэгіён.

Мюнхенская канферэнцыя аб бяспецы – 2024. Крыніца: securityconference.org

У адказ на заявы Трампа ў Еўропе ўжо некалькі дзён абмяркоўваюць стварэнне агульнакантынентальнага дапаўнення да NATO, якое б працавала ў спалучэнні з гарантыямі бяспекі ЗША, але таксама сталася надзейнай альтэрнатывай у выпадку, калі б гарантыі ЗША былі скасаваныя. Пры гэтым, піша «The Washington Post», Францыя і Нямеччына не могуць дамовіцца, хто будзе аплочваць рахункі, а «Усходняя Еўропа не да канца давярае рашучасці Заходняй Еўропы супрацьстаяць расейскім пагрозам». Дый еўрапейскі ядравы шчыт наўрад ці ўратуе кантынент ад расейскага арсеналу ў выпадку ядравай вайны.

«Некаторыя задаюцца пытаннем, ці не будзе Еўропа, якая рыхтуецца аддзяліцца ад Злучаных Штатаў, падсілкоўваць прароцтва, узмацняючы трансатлантычны развод, а не пазбягаючы яго», – адзначае выданне.

Існуюць думкі замацаваць абавязкі ЗША перад Украінай, каб «зрабіць для Трампа больш няёмкай з палітычнага гледзішча поўную адмову ад абяцанняў ЗША». Але ёсць таксама адчуванне, што нават калі пераможа Джо Байдэн, усё зменіцца, «бо зрух у настроях ЗША глыбейшы за Трампа».

Гісторыі
Хто такая Нікі Гэйлі, якая кінула выклік Трампу?
2024.02.07 10:07

Макар Мыш belsat.eu