Святлана Ціханоўская сустрэлася з кангрэсменам Палаты прадстаўнікоў ЗША і надзела яму бел-чырвона-белую стужку


Святлана Ціханоўская падчас Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы сустрэлася з лідарам фракцыі дэмакратычнай меншасці ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Гакімам Джэфрысам.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з прадстаўніком Кангрэсу ЗША Гакімам Джэфрысам падарыла яму бел-чырвона-белую стужку на памяць пра Беларусь.
Фота: здымак з відэа «Белсату»

Падчас сустрэчы беларуская дэмакратычная лідарка надзела амерыканскаму палітыку на руку бел-чырвона-белую стужку на памяць пра Беларусь.

Таксама падчас сустрэчы былая спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі прэзентавала Гакіму Джэфрысу прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валера Кавалеўскага.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у выпадку, калі падчас выбараў 2024 года ў ЗША перамогуць дэмакраты, менавіта Гакім Джэфрыс можа стацца спікерам Палаты прадстаўнікоў.

Святлана Ціханоўская і Гілары Клінтан падчас сустрэчы на Мюнхенскай канферэнцыі.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Акрамя таго, падчас канферэнцыі Святлана Ціханоўская сустрэлася з з былым дзяржаўным сакратаром і першаю лэдзі ЗША Гілары Клінтан. У якасці невялікай неспадзяванкі Ціханоўская паказала спадарыні Клінтан кадры з відэахронікі, на якой зафіксаваны прылёт Біла Клінтана і Гілары Клінтан у Менск у 1994 годзе. Падчас таго візіту Гілары Клінтан разам з жонкаю Шушкевіча развозілі гуманітарную дапамогу па дзіцячых шпіталях і сустракаліся з кіраўніком балетнай трупы Нацыянальнага тэатру Валянцінам Елізар’евым.

Нагадаем, што гэтымі днямі Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы. Дэмакратычную лідарку Беларусі запрашаюць на імпрэзу трэці год запар. Канферэнцыя збірае ў Нямеччыне асноўных палітыкаў, экспертаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці для разгляду ключавых пытанняў бяспекі ў свеце.

Hавiны
Святлана Ціханоўская выступіла на Мюнхенскай канферэнцыі ў справе кібербяспекі
2024.02.16 12:32

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў