У Менску адчыніўся адзіны фізічны пункт, дзе прадаюцца беларускія ноўтбукі «H-book»


У менскім гандлёвым цэнтры «Сталіца» адкрыўся пункт продажу беларускіх ноўтбукаў «Horizont H-book МАК4», паведамляе БелТА. Акрамя як у ГЦ «Сталіца», набыць іх можна толькі ў інтэрнэце.

Пункт продажу беларускіх ноўтбукаў у ГЦ «Сталіца».
Фота: minskiygorispolkom/Telegram

Адзіная мадэль ноўтбука, што ёсць цяпер у продажы, мае вагу 1,8 кг і 15-цалевы экран, з працяглым аўтаномным перыядам працы да 8 гадзінаў. Каштуе такі камп’ютар 1599 рублёў.

«Мы не саступаем сусветным брэндам», – расказвае прадстаўнік «Гарызонту» Раман Шчапакін. – Паводле шматлікіх характарыстык можам сказаць, што праходжанне тэстаў нашым ноўтбукам цалкам пераўзыходзіць шматлікіх канкурэнтаў і на гэта варта звярнуць увагу. У асобных аглядах, я думаю, гэта будзе паказана».

Раней у «Гарызонце» заяўлялі, што завод выпусціў ужо 4 тысячы прыладаў і за год абяцае зрабіць яшчэ 200 тысячаў. «Ноўтбукі як вырабляліся, так і вырабляюцца. 4 тысячы выпушчана сёлета, і ўжо агучаныя планы на наступны год – да 200 тысячаў», – паведамляла намесніца старшыні Менгарвыканкаму Надзея Лазаравіч.

Аляксандр Лукашэнка 1 верасня паказаў «першы камп’ютар, створаны ў Беларусі» – ноўтбук нібыта ад заводу «Гарызонт», які вельмі нагадваў «Lenovo IdeaPad 3». Лукашэнка абяцаў, што да канца года ноўтбук будзе мець 30 % беларускіх дэталяў, але на той момант іх было толькі 12 %. Паведамлялася, што камп’ютар будзе каштаваць ад 1300 рублёў у залежнасці ад камплектацыі і што яго запусцяць у серыйную вытворчасць у лістападзе 2022 года.

22 снежня «гарызонтаўскі» ноўтбук пад брэндам «H-book» пачалі прадаваць у «Galleria Minsk», але продаж пратрываў толькі тры дні.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў