«Беларускі Гаюн»: над Маладзечнам у вайсковага самалёта загарэўся рухавік. Мясцовыя чулі выбух


Апоўдні 19 снежня ў Маладзечне мясцовыя жыхары чулі гук, падобны да выбуху. Пра гукі гэткага кшталту паведамлялі і з іншых гарадоў, напрыклад, з Вілейкі, ад якой да Маладзечна 20 км. Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» піша, што гэта наўрад ці быў выбух самалёта – больш імаверна, што чулі пампаж самалётнага рухавіка, які ўжо гарэў на Каляды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт МіГ-31 у небе над Менскам. 16 кастрычніка 2022 года.
Фота: Беларускі Гаюн / Telegram

Першае або адно з першых паведамленняў пра падазроны гук з’явілася ў ВК-суполцы «Молодечно Live», паведамленні пра гукі выбухаў сабралі Telegram-каналы «Баста!» і «Реальная Беларусь». Беларусы пісалі, што моцна спужаліся, бо ад гуку дрыжалі сцены, многія раней такіх гукаў не чулі. Адзін з карыстальнікаў нават выказаў здагадку, што гэта можа быць знос будынку выбухам.

Афіцыйных каментароў ад беларускіх ведамстваў і дзяржаўных выданняў на момант публікацыі не было.

«Беларускі Гаюн» мяркуе, што гук, падобна, быў ад пампажу самалёта МіГ-31К. Пампаж – гэта не выбух цэлага самалёта, а парушэнне працы рухавіка, што суправаджаецца мікравыбухамі праз супрацьплынь газаў.

Паводле «Гаюна», аб 11:59 менскага часу над Маладзечнам загарэўся адзін з рухавікоў самалёта МіГ-31К Паветрана-касмічных сілаў Расеі. Нягледзячы на здарэнне, самалёту ўдалося пільна завяршыць палёт і вярнуцца на аэрадром «Мачулішчы».

Як мяркуе «Гаюн», рухавік загарэўся ў тым самым самалёце, у якім ужо загараўся пры спробе ўзлёту ў Мачулішчах 25 снежня 2022 года. Тады крыніцы групы паведамлялі, што здарэнне адбылося з самалётам пад рэгістрацыйным нумарам RF-95194 і нумарам борту «50 сіні». Гэты самалёт мог быць выпушчаны з 1975 года да 1994-га і прайшоў мадэрнізацыю пасля 2015 года.

Ад ранку 19 студзеня «Гаюн» паведамляў пра павелічэнне авіяцыйнай актыўнасці ў Беларусі, палёты верталётаў і самалётаў, у тым ліку такой тэхнікі, што можа несці ракеты комплексу «Кінжал» (авіяцыйны варыянт комплексу «Іскандэр»), якімі неаднаразова абстрэльвалі тэрыторыю Украіны.

У пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне з тэрыторыі і паветранай прасторы Беларусі расейскія войскі неаднаразова ўчынялі абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі. Але паступова пускаў рабілася меней, а апошні пацверджаны ўдар быў 6 кастрычніка 2022 года. Пасля «Гаюн» выказваў здагадкі, што з тэрыторыі Беларусі могуць таемна запускаць дроны-камікадзэ  з чарнобыльскай зоны адчужэння, а таксама што Кіеў могуць абстрэльваць ракетамі з Бранскай вобласці Расеі з-пад мяжы з Беларуссю.

Міністэрства абароны Беларусі ранкам паведаміла, што палёты адбываюцца ў межах другога этапу беларуска-расейскіх вучэнняў, аддзелы «прыступілі да выканання прызначаных задачаў», трэнуюцца ў паветранай выведцы, кіраванні экіпажамі знішчальнікаў, авіяцыйным прыкрыцці аб’ектаў, абыходзе супрацьпаветранай абароны ворага і нанясенні ўдараў па аэрадромах і верталётных пляцоўках, эвакуацыі экіпажаў ударных груповак. «Гаюн» адзначаў, што ў першы дзень вучэнняў, 16 студзеня, не ўзлятаў ніводзін знішчальнік ці верталёт. Гэтыя вучэнні плануюць праводзіць да 1 лютага.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў