Мужчына на знак салідарнасці з Украінаю стаў на галаву (фотафакт)


«Каб быць незалежным ад пуцінскага газу, трэба займацца ёгаю», – сцвярджае былы алкаголік, які непадалёк ад каралеўскага замку ў гістарычным цэнтры Варшавы адважыўся на незвычайную акцыю падтрымання Украіны.

59-гадовы паляк спадар Ежы (Jerzy) большую частку свайго жыцця быў алкаголікам, але ў пэўны момант сказаў сабе «досыць» і пачаў займацца ёгаю.

Стаўшы на галаву ў адным з самых папулярных сярод турыстаў месцы, пад калонаю караля Жыгімонта ІІІ Вазы, які перанёс сталіцу Польскага Каралеўства з Кракава ў Варшаву, мужчына выказаў сваю салідарнасць з Украінаю, якая зведала несправядлівасць з боку Расеі. Побач з сабою спадар Ежы прымацаваў украінскі сцяг і блакітна-жоўты букет.

«Спадзяюся, што больш не буду піць, прынамсі ў такой пазіцыі», – сцвярджае спадар. Паводле яго, заняткі ёгаю не толькі дапамагаюць захоўваць спрыт, але і гартуюць цела, дапамагаюць зносіць холад: «Неўспрыманне холаду робіць мяне незалежным ад пуцінскага газу».

«Спусці паветра, Пуцін!» – звярнуўся спадар Ежы да расейскага прэзідэнта.

SAM_2325

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары