Паляцелі галовы. Пяцёра кіраўнікоў прадпрыемстваў – пад следствам


Генеральная пракуратура паведамляе пра новыя крымінальныя справы, распачатыя супраць кіраўнікоў буйных беларускіх прадпрыемстваў. Трох дырэктараў вінавацяць у стратах на мільёны долараў.

За «разладоўванне складоў»?

У лютым менская пракуратура завяла справу на генеральнага дырэктара ТАА «МАЗ-Рус». Паводле генпракуратуры, кіраўнік «наўмысна насуперак інтарэсам службы, парушаючы заканадаўства, не забяспечыў прымянення залогу пры заключэнні дамовы куплі-продажу аўтамабільнай тэхнікі». Паводле следства, гэткае «разладоўванне складоў» нанесла «МАЗу» страты памерам прыблізна $ 5 млн.

Другі дырэктар – кіраўнік лідскай «Лакафарбы» – паводле гарадзенскай пракуратуры, прадаваў прадукцыю па цэнах, ніжэйшых за сабекошт. Страты склалі прыблізна $ 5,7 млн. У гэтай жа справе праходзіць гендырэктар ТАА «Гандлёвы дом “ЛідаЛК”»

…І за махінацыі з дакументамі

Паводле магілёўскай пракуратуры, галоўны інжынер РУП «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» спрабаваў схаваць факт пажару на прадпрыемстве. Дзеля гэтага ён «арганізаваў выраб службовых дакументаў, што абгрунтоўвалі неабходнасць набыцця новага абсталявання замест таго, што знішчыў пажар». Прадпрыемству нанесеная шкода памерам Br 600 млн.

Пракуратура Ленінскага раёну Менску завяла справу супраць в. а. дырэктара «Станкабудаўнічага заводу імя Кірава», які «даваў падначаленым указанні афармляць і падпісваць не адпаведную рэчаіснасці дакументацыю, што пацвярджае выкананне дамовы. Страты ацэньваюць у Br 100 млн.

Генпракуратура Беларусі агучыла гэтыя справы пасля заявы Лукашэнкі, які паабяцаў выкрыць «жулікаў і карупцыянераў».

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары