Памёр тэатральны крытык і рэжысёр Аляксей Стрэльнікаў


Пайшоў з жыцця тэатральны крытык, культурніцкі дзеяч і рэжысёр Аляксей Стрэльнікаў. Яму было 39 гадоў. Пра смерць Аляксея паведаміў кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Аляксей Стрэльнікаў, кінакрытык і тэатральны эксперт. Менск, Беларусь. 2 ліпеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Трагічная навіна. Лёшы больш няма з намі. Няшчасны выпадак здарыўся сёння. Ведаю гэтага добрага і светлага чалавека больш за 20 год, ён хросны майго сына. Разумею, якая гэта вялікая страта для яго сям’і, бацькоў, жонкі Алены і сына Льва…» – напісаў Сяргей Будкін.

Аляксей Стрэльнікаў нарадзіўся ў Новасібірску, але свядомае жыццё пражыў у Беларусі. Скончыў журфак БДУ і тэатразнаўчую аспірантуру Беларускай акадэміі мастацтваў, атрымаў ступень кандыдата мастацтвазнаўства.

Пісаў пра тэатр на шмат якіх культурніцкіх пляцоўках у Беларусі і за яе межамі, працаваў у Цэнтры беларускай драматургіі, Цэнтры візуальных мастацтваў, Цэнтры эксперыментальнай рэжысуры і «Арт Карпарэйшн».

Стрэльнікаў 7 гадоў выкладаў у Акадэміі мастацтваў, адкуль пасля пратэстаў 2020-га, у снежні таго ж года, быў звольнены за «прагул без паважных прычынаў».

Падрабязнасці смерці пакуль невядомыя.

Аляксей Стрэльнікаў быў сувядоўцам праграмы «Рэмарка» на «Белсаце». Выказваем свае спачуванні блізкім.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў