Фігурантаў справы МН17 завочна прыгаварылі да пажыццёвага зняволення. Ці сядуць яны некалі ў турму?


17 лістапада суд у Гаазе прыгаварыў трох асобаў да пажыццёвага зняволення па справе аб крушэнні пасажырскага Boeing у Данецкай вобласці Украіны. Ігара Гіркіна (Стралкова), Сяргея Дубінскага і Леаніда Харчанку прызналі датычнымі да знішчэння самалёта і вінаватымі ў забойстве 298 пасажыраў. Усе фігуранты зараз на волі. «Белсат» высветліў, ці ёсць шанец, што яны калі-небудзь сядуць у турму, і навошта трэба было праводзіць завочны суд над імі.

Партрэты абвінавачаных па справе рэйсу MH17, якія паказалі падчас справаздачы міжнароднага следства. Ньівегейн, Нідэрланды. 19 чэрвеня 2019 года.
Фота: Eva Plevier / Reuters / Forum

Акруговы суд у Гаазе 17 лістапада прыгаварыў грамадзянаў Расеі Ігара Гіркіна (Стралкова) і Сяргея Дубінскага, а таксама ўкраінскага грамадзяніна Леаніда Харчанку да пажыццёвага зняволення. Іх прызналі датычнымі да знішчэння самалёта «Малайзійскіх авіялініяў» і вінаватымі ў забойстве 298 пасажыраў. Ніхто з абвінавачаных на пасяджэнні не прысутнічаў. Усяго ў справе было чатыры фігуранты, аднаго, расейца Алега Пулатава, апраўдалі.

Ім не схавацца

Канстытуцыя Расеі забараняе выдачу сваіх грамадзянаў іншым дзяржавам, нагадала неназваная крыніца агенцтва «Інтэрфакс» і адзначыла: Нідэрландам нікога не аддадуць. Хіба азначае гэта, што злачынцы пазбегнуць пакарання? Юрыст, дарадца па прававых пытаннях Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк на гэтае пытанне «Белсату» заўважыў, што ніхто ў 1943 годзе не думаў, ці сядзе Гімлер у турму, ці яго заб’юць.

«Мы не можам прадказаць будучыню, але можам імкнуцца да таго, каб дамагацца патрэбнай нам будучыні. Пастанова суда – моцны і патрэбны крок. Калі ты ў міжнародным вышуку паводле судовага ордара, ты нікуды – ні ў Тайланд, ні ў Афрыку, нікуды – не паедзеш. Цябе нават Зімбабвэ выдасць. Бо калі Зімбабвэ цябе не выдасць, у яго будуць праблемы з ЗША. А гэта вельмі дорага каштуе, нашмат танней выдаць – дый усё», – сказаў Кірылюк.

У гэтай сувязі ён згадаў візавыя санкцыі, якія не дазваляюць заязджаць у пэўныя краіны. «Ну, не паедзе нейкі чыноўнік у ЕЗ ці ЗША, але зможа схавацца ў якой-небудзь Аргентыне, Балівіі або Калумбіі. Калі ён будзе ў вышуку паводле ордару Міжнароднага крымінальнага суда, то бок у базе «Інтерпола», яму будзе нашмат цяжэй схавацца. Бо вельмі мала краінаў у свеце захочуць псаваць свае дачыненні з «Інтэрполам», увогуле міжнароднай сістэмай, праз такога маргінала, як Стралкоў», – упэўнены юрыст.

Пераемнік Лукашэнкі можа выдаць датычных да рэпрэсіяў

Гэткі механізм прыцягнення да адказнасці можа спрацаваць і ў выпадку з Беларуссю, кажа Міхаіл Кірылюк. Паводле ягоных словаў, датычныя да рэпрэсіяў не змогуць уцячы, калі будуць у міжнародным вышуку. Гэта, так бы мовіць, справа на перспектыву.

«На тое ж самае была накіраваная праца па ўніверсальнай юрысдыкцыі, якую беларусы намагаліся рабіць, каб абʼявіць у вышук і прыцягнуць да адказнасці таго ж Балабу, кіраўніка менскага АМАПу. Не таму, што мы верым, што, калі ўзбудзіцца крымінальная справа, польскі ці літоўскі следчы паедзе ў Беларусь, арыштуе яго і зацягне ў Гаагу. Вядома, гэта немагчыма. Але, калі вайна скончыцца, Украіна пераможа і Беларусь будзе вольнай, гэтыя людзі пачнуць уцякаць. І пакуль яны не ў вышуку, яны змогуць гэта зрабіць. Але калі яны на той момант ужо будуць у вышуку «Інтерпола», тады ім уцячы будзе нашмат цяжэй», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Затрыманні на акцыі «Марш герояў» у Менску. 13 верасня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Юрыст іранічна заўважыў, што «на сайце ААН няма формы заявы для запуску ракеты па Балабе і Гіркіну», таму трэба прымаць праўныя захады.

«Напрыклад, амерыканцы, калі ў Менску пасадзілі самалёт Ryanair (на борце былі грамадзяне ЗША), узбудзілі справу, выставілі абвінавачванні кіраўніку «Белаэранавігацыі», супрацоўнікам КДБ, і, я мяркую, гэтыя людзі цяпер у міжнародным вышуку. Мяркую, у іх настрой цяпер вельмі сапсаваны, бо адна справа быць пад санкцыямі ЕЗ і мець магчымасць ездзіць у Егіпет ці Абʼяднаныя Арабскія Эміраты. А іншая – цяпер яны наогул не могуць нікуды ехаць, бо яны, хутчэй за ўсё, у вышуку «Інтэрпола». Ты за межы сваёй краіны выязджаць не можаш», – адзначыў Кірылюк.

Нават пераемнік Лукашэнкі, адданы яму, можа выдаць міжнароднаму суду датычных да рэпрэсіяў у Беларусі дзеля адмены санкцыяў і паляпшэння дачыненняў з Захадам, мяркуе юрыст.

«Хай сабе Лукашэнка правіць яшчэ 10 гадоў, аддае ўладу свайму пераемніку. А навошта гэтаму пераемніку, нават калі гэта будзе ягоны сын ці Шэйман, навошта яму псаваць адносіны з ЗША з-за якога-небудзь кіраўніка «Белаэранавігацыі»? Лукашэнка ўжо не можа здаць назад, а ў пераемніка такая магчымасць будзе. Ён можа іх выдаць, сказаць: забірайце, гэта не мае людзі, здымаем санкцыі, працуем далей», – распавёў Кірылюк.

Канфіскацыі па ўсім свеце

Гаагскі суд таксама прызначыў кампенсацыю пацярпелым па справе МН17: агулам больш за 16 млн еўра. Спагнаць гэтыя грошы цалкам магчыма, калі прызнаць расейскую дзяржаву адказнай за крушэнне, лічыць Міхаіл Кірылюк. У такім выпадку будзе магчымасць арыштоўваць расейскую маёмасць за мяжою, і за гэты кошт выплачваць кампенсацыі.

«Для мяне відавочна, што адказваць мусіць менавіта Расея як дзяржава. Можам узяць прыклад таго ж бізнесоўца Хадаркоўскага, які ў свой час адсудзіў грошы ў Расеі і збіраў іх па ўсяму свету, калі арыштоўвалі і канфіскоўвалі замежныя расейскія актывы. Для пацярпелых ёсць сэнс дамагацца таго, каб была ўстаноўленая сувязь з расейскай дзяржавай. Гіркін дзейнічаў не як прыватная асоба, а быў неяк інспіраваны Крамлём. Таму было б справядліва, каб гэтыя грошы спаганялі з Расеі», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

«Ніхто не ведае, што нясе будучыня»

Суд у Гаазе прыйшоў да высновы, што малайзійскі Boeing збілі ў ліпені 2014 года ракетай «Бук» з тэрыторыі, якую кантралявалі сепаратысты. У той час Ігар Гіркін, афіцэр ФСБ у адстаўцы, быў «міністрам абароны ДНР». Сяргей Дубінскі – афіцэр ваеннай разведкі ў адстаўцы. Леанід Харчанка – камандзір фармавання ваеннай разведкі «арміі ДНР».

Гіркін цяпер, пэўна, зноў ваюе ва Украіне, украінец Харчанка атрымаў грамадзянства Расеі і жыве недзе там, а пра лёс Дубінскага нічога не вядома, піша «Бі-бі-сі».

На адным з ранейшых пасяджэнняў суда па гэтай справе пракурор прызнаў, што злачынцы могуць пазбегнуць пакарання. «Але ніхто не ведае, што нясе будучыня, а мы, са свайго боку, прыкладзем усе намаганні, каб іх арыштаваць», – паабяцаў пракурор.

Hавiны
Суд прызнаў бяздоказнымі ўсе расейскія версіі гібелі авіярэйсу МН17
2020.11.25 19:41

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў