Аляксандр Кныровіч: Еўрапейскія палітыкі не зацікаўленыя ў выкананні санкцыяў


Свет убачыла новае расследаванне Беларускага расследавальніцкага цэнтру пра Аляксандра Шакуціна, які ў чорных спісах ЗША і Еўразвязу за актыўнае падтрыманне рэжыму Лукашэнкі. Каб абысці санкцыі, ён пабудаваў у Расеі прынамсі 5 заводаў «Амкадор», дзе тэхніку збіраюць з нямецкіх ды італьянскіх запчастак і рухавікоў. Прадпрымальнік, блогер і вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч упэўнены, што паралельны імпарт вельмі часта выкарыстоўваецца для абыходу санкцыяў, і называе такія махінацыі «стандартам паводзінаў».

Цалкам размову глядзіце тут:

«Калі мы гаворым пра санкцыі, то санкцыі паўплывалі, напрыклад, на экспарт калійных угнаенняў. І экспарт спаў на 60 %, а ў краіны Еўразвязу – прыкладна на 80 %. Але калі мы гаворым вось пра такія прыватныя кампаніі, то яны знайшлі выйсце менавіта такое», – апавядае Аляксандр Кныровіч, падкрэсліваючы, што гэта штодзённая практыка ўсёй Беларусі.

Таму, паводле эксперта, санкцыі ў гэтай галіне не працуюць так, як планавалася. У выніку пакутуе толькі беларускае грамадства, а прыхільнікі Лукашэнкі працягваюць зарабляць. Таксама на гэтых чорных схемах зарабляюць і краіны-пасярэднікі, напрыклад, Турцыя:

«Трэба разумець, што да вайны Шакуцін быў у становішчы фактычна банкрута, таму што іх холдынг “Амкадор” меў такое становішча, калі год за годам ты фіксуеш не прыбыткі, а страты… І банк, які яму належаў, “Абсалют-банк”, мы ведаем, што ён цалкам не існуе… І гэтак далей. І для Шакуціна гэтая вайна, гэтыя санкцыі – гэта свята, ён павінен тут адкрываць шампанскае за Пуціна, таму што з рынку Расеі сышлі іншыя заходнія кампаніі, і для яго адкрыўся рынак».

Прадпрымальнік упэўнены, што цяпер у Шакуціна растуць паказнікі і ён атрымлівае немалыя грошы ад дзяржавы ў выглядзе расейскіх і кітайскіх інвестыцыйных крэдытаў, за якія раней біўся цягам некалькіх гадоў. А вось ці растуць дзякуючы гэтаму прыбыткі беларускай дзяржавы – вялікае пытанне:

«Калі дзяржава тыя ж ільготы прадавала б на тэндары, то атрымлівала б нейкія грошы ў бюджэт. А тут чалавек мае ўсё, што мае, і нічога за гэта не плоціць у бюджэт. Таму гэта адмоўна. Але палічыць, наколькі гэта адмоўна ўплывае, немагчыма».

Таксама Аляксандр Кныровіч упэўнены, што санкцыі працуюць больш для тых краінаў, якія іх уводзяць на запыт свайго насельніцтва. Маўляў, ёсць вайна, а што вы робіце, паважаныя палітыкі? Мы ўводзім санкцыі. Далей жа можна не сачыць за іх выкананнем. І, на жаль, пакуль еўрапейскія палітыкі не зацікаўленыя сачыць за выкананнем уведзеных абмежаванняў.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў