У Беларусі пройдуць маштабныя вучэнні 20–26 верасня


У сераду 20 верасня ў Беларусі пачнуцца маштабныя вайсковыя вучэнні, якія працягнуцца да 26 верасня. Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання заявіў намеснік дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Беларусі Павел Муравейка.

Вучэнні ў Беларусі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні прызваных з запасу ў 72-і гвардзейскі Аб’яднаны цэнтр рыхтавання прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. 227-ы агульнавайсковы палігон, Беларусь. 30 ліпеня 2023 года.
Фота: Уладзімір Бліноў / «Ваяр»

Да маштабных вучэнняў акрамя ўсіх відаў войскаў прыцягнуць тэрытарыяльную абарону і народнае апалчэнне. Дзе будуць праходзіць вучэнні, Павел Муравейка не ўдакладніў:

«Гаворачы пра нацыянальныя праграмы, якія штогод праводзяцца ў межах праграмаў рыхтавання Узброеных сілаў, іншых войскаў, вайсковых фармаванняў, там класічны набор захадаў падрыхтоўкі ад узводу, роты, батальёну, брыгады. Ну і звычайна завяршаецца вучэннямі ў маштабе Узброеных сілаў. У іх бяруць удзел, як правіла, усе элементы вайсковай арганізацыі дзяржавы, прыцягваецца тэрытарыяльная абарона. У апошнія вучэнні задзеяць у тым ліку народнае апалчэнне».

Таксама чыноўнік заявіў, што на супольныя вучэнні ўлады Беларусі гатовыя запрасіць і Польшчу:

«Ці можам мы правесці вучэнне з Польшчаю? Калі палякі гатовыя з намі правесці вучэнне, мы з задавальненнем выступім з такой ініцыятывай і разгледзім, якія пытанні мы можам адпрацаваць супольна».

Раней Беларусь запрашала Польшчу і Францыю назіраць за хадою вучэнняў, аднак абедзве краіны адмовіліся.

Гэта другія вайсковыя вучэнні ў Беларусі за гэты месяц. У пачатку верасня адбылося «Баявое братэрства – 2023» пад эгідай АДКБ. У арганізацыю ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан. Манеўры адбыліся на пяці палігонах у Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай вобласцях ды на некаторых тэрыторыях недалёка ад мяжы з Польшчай і Літвою. Таксама чакалася, што гэтаю восенню Расея і Беларусь могуць правесці вучэнні серыі «Захад», аднак у выніку расейскае Міністэрства абароны адмовілася ад іх. Раней брытанская выведка паведамляла, што вучэнні былі адмененыя праз праблемы, з якімі Расея сутыкнулася ва Украіне.

Hавiны
Расея абвясціла пра адмену сёлетніх вучэнняў «Захад» у Беларусі
2023.09.04 18:51

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў