Расея абвясціла пра адмену сёлетніх вучэнняў «Захад» у Беларусі


Беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад» не будуць праводзіць сёлета, заявіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Прычынаў такога рашэння ён не раскрыў. Аднак раней брытанская выведка паведамляла, што вучэнні былі адмененыя праз праблемы, з якімі Расея сутыкнулася ва Украіне.

Беларускія вайскоўцы. Вучэнні. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: modmilby / Telegram

«Не, сёлета ў нас вучэнні ва Украіне», – адказаў Сяргей Шайгу на пытанне аб правядзенні вучэнняў.

У паведамленні брытанскай выведкі за 28 жніўня гаварылася, што «Расея, хутчэй за ўсё, адмяніла вучэнні «Захад-23», запланаваныя ёю «супольныя стратэгічныя вучэнні» і буйную штогадовую захаду, што мела стацца кульмінацыяй года вайсковага рыхтавання. Вучэнні мелі адбыцца ў верасні 2023 года». Там меркавалі, што адмена вучэнняў можа быць звязаная са складанасцямі расейскага войска ва Украіне.

Беларусь і Расея праводзілі супольныя буйныя вучэнні раз на два гады, па чарзе ў дзвюх краінах. У Беларусі яны называліся «Захад», апошні раз іх ладзілі ў верасні 2021 года. Тады ў іх узялі ўдзел каля 200 тысяч вайскоўцаў і да 760 адзінак тэхнікі. Наступныя адбыліся ў лютым 2022 года.

Пасля гэтых вучэнняў расейскі бок не вывеў сваіх войскаў з тэрыторыі Беларусі – тыя засталіся там да пачатку вайны ва Украіне і пазней пачалі наступ у бок Кіева.

Таксама Расея ў межах узаемадзеяння з саюзнікамі з АДКБ зарганізавала аператыўна-стратэгічныя вучэнні «Баявое братэрства – 2023», што праходзяць у Беларусі 1–6 верасня, а затым у Кыргызстане ў кастрычніку. Гэта першыя вайсковы манеўры краінаў АДКБ на беларускай тэрыторыі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. У арганізацыю ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан. Манеўры пройдуць на пяці палігонах у Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай вобласцях ды на некаторых тэрыторыях недалёка ад мяжы з Польшчай і Літвою.

Аналітыка
Вучэнні АДКБ у Беларусі: што трэба ведаць і ці варта хвалявацца?
2023.08.31 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў