«Проста паказаць яшчэ нічога не значыць». Франак Вячорка пра перамовы ў справе Анджэя Пачобута


Галоўны дарадцы Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў «Белсату» інфармацыю аб сустрэчы ў наваполацкай калоніі Анджэлікі Борыс з Анджэем Пачобутам. Абодва зʼяўляюцца лідарамі ліквідаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў. Сустрэча дала нагоду палітычным аглядальнікам меркаваць, што ідуць перамовы ў справе вызвалення Анджэя Пачобута.

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Рана казаць, што гэта нейкае змякчэнне палітыкі Менску ці гандаль з Захадам, кажа Франак Вячорка ў размове з «Белсатам». З іншага боку, дадае суразмоўца, мы ўбачылі, што Анджэй Пачобут жывы і нязломны, і гэта вельмі добра.

«Калі Лукашэнка хацеў бы пайсці на нейкія перамовы ці дамоўленасці адносна змякчэння санкцыяў, ён бы пачаў з вызвалення палітвязняў, зрабіў бы першы крок. На жаль, проста паказаць – гэта яшчэ нічога не значыць», – упэўнены Франак Вячорка.

Сустрэча Борыс з Пачобутам пацвярджае, што для Лукашэнкі палітвязні не праблема, кажа Вячорка. «Трэба зрабіць так, каб палітвязні сталі ягонай праблемай», – мяркуе галоўны дарадцы Святланы Ціханоўскай. І толькі ў такім выпадку грамадзянская супольнасць зможа дамагчыся вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі.

15 красавіка ў Варшаве прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся ў прэзідэнцкім палацы з лідарамі Саюзу палякаў у Беларусі: Анджэлікай Борыс і Марэкам Занеўскім. Падчас сустрэчы Борыс паведаміла пра спатканне з палітзняволеным Анджэем Пачобутам у наваполацкай калоніі, дзе ён адбывае тэрмін. Адбылося спатканне з асабістай згоды Аляксандра Лукашэнкі. Ніякіх іншых падрабязнасцяў Борыс не агучыла.

Даведка

Анджэй Пачобут – журналіст, сябра не прызнанага лукашэнкаўскімі ўладамі Саюзу палякаў. Працаваў над тэмамі, звязанымі з гісторыяй спецслужбаў СССР, антысавецкім супрацівам у Заходняй Беларусі і Арміяй Краёвай.

Ягоныя публікацыі выходзілі ў незалежных гарадзенскіх газетах «Пагоня», «День» і «Местное время», а таксама ў «Народнай волі» і штотыднёвіку Саюзу палякаў «Głos znad Niemna». Пачобут рэдагаваў часопіс аб’яднання «Magazyn Polski na Uchodźstwie», быў карэспандэнтам польскіх медыяў «Gazeta Wyborcza» і «Radio Wnet».

Пачобуту 51 год, ён жанаты, мае дачку і сына.

АА belsat.eu

Стужка навінаў