Праблемы з меддапамогай: у беларускага рэжысёра Гнёта пагоршылася здароўе ў сербскай турме


У беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта пагоршылася здароўе ў турме ў Сербіі. Неабходнай меддапамогі ён не атрымлівае. Як піша «Позірк», пра гэта стала вядома са звароту Народнага антыкрызіснага ўпраўлення да рабочай групы еўрапейскіх дыпламатаў. НАУ просіць паспрыяць у аказанні меддапамогі беларусу ў бялградскай турме.

Рэжысёр Андрэй Гнёт.
Фота: andrewgnyot / Instagram

Пра тое, што ў зняволенні ў Андрэя Гнёта «раптам адмовіла нага», ён распавёў свайму сябру па тэлефоне. У лісце еўрапейскім дыпламатам адзначаецца, што «ніякіх траўмаў ці знешніх уздзеянняў не было, прычын для паралічу, па сутнасці, няма». А звароты да адміністрацыі турмы засталіся без адказу. Андрэй Гнёт таксама пісьмова звярнуўся ў суд з просьбай звярнуць увагу на ўмовы яго ўтрымання і адсутнасць належнага медычнага абслугоўвання.

Андрэй Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр, сузаснавальнік «Свабоднага аб’яднання спартоўцаў SOS BY» (у Беларусі яно прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем»). Інтэрпол затрымаў яго ў кастрычніку 2023 года ў Сербіі на запыт рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які абвясціў яго ў вышук па справе аб падатках. Адвакаты кажуць, што гэта палітычна матываваны пераслед, а на радзіме Гнёта могуць чакаць катаванні.

Суд першай інстанцыі ў снежні 2023-га ўхваліў дэпартацыю беларуса ў РБ. Аднак сёлета ў сакавіку Вышэйшы суд адмяніў гэтае рашэнне і адправіў справу на перагляд. Рашэнне суда чакаецца на працягу месяца.

Разбор
«Датычыць тысяч беларусаў». Каго рэжым шукае праз Інтэрпол і што рабіць у выпадку затрымання?
2024.04.12 08:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў