ПАСЕ прызнала Пуціна нелегітымным прэзідэнтам і абвінаваціла ў забойстве Навальнага


Парламенцкая асамблея Савету Еўропы (ПАСЕ) абвінаваціла Уладзіміра Пуціна ў фальсіфікацыі выбараў, знішчэнні малых народаў, забойстве Аляксея Навальнага і стварэнні таталітарнай дзяржавы. ПАСЕ заклікала краіны Еўропы спыніць усе кантакты з Расеяй, акрамя гуманітарных. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай на сайце арганізацыі рэзалюцыі.

Уладзімір Пуцін падчас наведвання 27 сакавіка 344-га цэнтру баявога ўжывання і перавучвання лётнага складу Мінабароны РФ.
Фота: Kremlin.ru

Падставай для непрызнання Уладзіміра Пуціна легітымным прэзідэнтам сталі адразу некалькі фактаў.

«Ніводнаму апаненту Уладзіміра Пуціна не было дазволена балатавацца… выбарчыя ўчасткі для гэтых выбараў былі адкрытыя на суверэннай украінскай тэрыторыі, часова акупаванай Расеяй… што з’яўляецца грубым парушэннем Статута ААН», – гаворыцца ў рэзалюцыі ПАСЕ.

Расея «паступова ператварылася ў дзяржаву, якая забараняе існаванне якой-небудзь палітычнай апазіцыі», а ўнутры самой краіны «з дапамогай прапаганды ў фашысцкім стылі» быў уведзены «культ асобы вакол фігуры Пуціна», гаворыцца ў рэзалюцыі.

Акрамя таго, у рэзалюцыі гаворыцца, што менавіта Пуцін «нясе поўную адказнасць за забойства» Аляксея Навальнага, а таксама за тое, што абвясціў «вайну ўласнаму народу», якая выяўляецца ў знішчэнні малых карэнных народаў Расеі.

Агляд
Навальная заклікала Еўрапарламент перастаць быць «нудным» і змагацца з Пуціным як са злачынцам
2024.02.28 13:34

У сувязі з гэтым прапануецца ўзмацняць санкцыйную палітыку і прыцягваць да адказнасці РФ за «сістэматычнае прымяненне катаванняў», «дабіцца вызвалення палітычных зняволеных у Расеі і Беларусі, удзяляючы прыярытэтную ўвагу Уладзіміру Кара-Мурзе і іншым асобам з сурʼёзнымі захворваннямі».

Акрамя таго, ПАСЕ заклікае ўсе дзяржавы «прымяніць да рэжыму Уладзіміра Пуціна дзейнае заканадаўства па барацьбе з адмываннем грошай, накіраванае на супрацьдзеянне арганізаванай злачыннасці і фінансаванню тэрарызму», выявіць усе прыватныя або юрыдычныя асобы, якія могуць быць класіфікаваны як памагатыя, і прымяніць да іх суровыя меры пакарання, у тым ліку канфіскацыю актываў.

Асобнае заключэнне ў дакуменце змяшчаецца адносна Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ). Згодна з ім прапануецца прызнаць, што РПЦ выкарыстоўваецца крамлёўскім рэжымам у якасці інструмента расейскага ўплыву і прапаганды, не маючы нічога агульнага са свабодай рэлігіі і свабодай выказвання меркаванняў.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў