Адкрыты ліст Аляксандра Мілінкевіча чальцам Каардынацыйнай рады


Пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да сябраў Каардынацыйнай рады з адкрытым лістом.

Аляксандр Мілінкевіч. Фота перададзенае рэдакцыі

Касмічнымі тэмпамі ідзе кампанія выбараў у Каардынацыйную Раду. Не заціхаюць спрэчкі пра тое каго і як у яе абіраць, хто будзе ў «прадстаўнічым органе дэмакратычных сіл», які паўстае «дзеля ўсталявання ў Рэспубліцы Беларусь дэмакратычнай формы кіравання».

Здавалася б файна, дэмакраты ўрэшце абʼядноўваюцца. Але, як той казаў, глядзі ў корань. Мой досвед грамадскага актывізму і ў таталітарызмах і ў дэмакратыях падказвае, што, каб зразумець сутнасць шумнага працэсу стварэння новага/старога аб’яднання, варта пачаць з ягонага Статуту. Падаецца мне, што большасць нашых дэмакратаў, якія ламаюць дзіды ў перадвыбарчых дыскусіях, яго і не чыталі. Што праўда, з гэтай нагоды моцна не пераймайцеся, бо сапраўднага Статуту і няма. Перапісваць зараз яго запозна, да галасавання часу зусім мала.

Таму задам адкрытыя простыя пытанні майму земляку, спікеру Каардынацыйнай Рады, метадолагу Андрэю Ягораву:

  • Чаму ў КР няма сапраўднага Статута, які ёсць нават у лукашэнкаўскіх НДА, а заяўлены фактычна толькі Рэгламент рашэння сваіх задач?
  • Ці сапраўды галоўны напрамак дзейнасці КР – гэта кантроль і абмежаванне паўнамоцтваў Лідара Дэмсілаў Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, а калі не падпарадкуюцца, то вынясенне ім вотуму недаверу, як гэта вынікае ажно з 10 пунктаў Рэгламенту (1.2.2.1 – 1.2.2.10)?
  • Якія канкрэтныя мэты ў КР? Стаць «прадстаўнічым органам дэмакратычных сіл і прэзентацыі інтарэсаў грамадства»? Але нагадаю, што КР будзе прадстаўляць выключна тых, хто прагаласуе на планаваным плебісцыце, прытым фактычна без удзелу ў ім беларусаў у Беларусі.
  • І ўрэшце пра наша ўсё, пра грошы і не толькі: КР збіраецеся «праводзіць аўдыты фінансавай і іншай дзейнасці грамадзянскіх і палітычных ініцыятыў беларускага грамадства». Ці вы разумееце, Спадарства, што такога не было нават у імперыі зла – СССР, дзе падобнымі рэчамі займаліся выключна апрычнікі з Камітэту Партыйнага Кантролю пры ЦК КПСС?

У гэтым Вы бачыце ролю Каардынацыйнай Рады?

Ёсць і іншыя тэмы, Спадар Спікер, якія варта было б абмеркаваць з Вамі, але можа гэта ўжо перад выбарамі/плебісцытам.

Ці сфармуляваныя мною пытанні азначаюць, што я супраць КР? Не, не супраць. Усё залежыць ад таго, якую ролю яе сябры захочуць на сябе ўзяць. У КР ёсць значны несумненны патэнцыял, у яе складзе ёсць вядомыя актывісты, прафесіяналы з вялікім даробкам і гісторыяй поспеху.

Ці можа КР выконваць тую ролю, дзеля якой Святлана Ціханоўская яе склікала ў 2020? Не можа. Бо сёння пакуль не стаіць пытанне аб транзіце ўлады, як тады.

Якія функцыі павінна на мой погляд выконваць КР зараз? Яна мае быць калектыўным розумам, дарадцам, кансалідатарам, прадстаўніком і апекуном нашай шырокай грамадзянскай супольнасці, вялікіх і малых беларускіх ініцыятыў па ўсім свеце і ў краіне, павінна спрыяць іх развіццю і супрацы гарызантальнай і вертыкальнай.

І яшчэ. Мой багаты досвед аб’яднання дэмсілаў адназначна гаворыць: рэальная кансалідацыя не робіцца зверху ўніз па прынцыпе «хочам паруліць». Яна будуецца знізу ўверх на аснове паспяховага і шчырага супрацоўніцтва на лакальным, рэгіянальным узроўнях і як вынік ужо – яднанне ў цэнтры. Які служыць, а не кіруе.

Каментар
Як пройдуць выбары ў Каардынацыйную раду і як удзельнічаць у іх беларусам, якія ў Беларусі
2024.03.26 17:59

belsat.eu

Стужка навінаў