Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выступіў з заявай, у якой паведаміў, што дзейныя ўлады Беларусі рыхтуюцца пачаць гандаль палітвязнямі, каб не дапусціць увядзення амерыканскіх санкцыяў.
«Нелегітымная ўлада стаіць перад пагрозай рэальных, а не касметычных санкцыяў. Пасля 26 красавіка размарожваюцца амерыканскія санкцыі. Санкцыі – інструмент адказнасці рэжыму за гвалт і рэпрэсіі ў дачыненні да мірных беларусаў – пагоршаць і без таго хісткае становішча дыктатуры», – заявіў Латушка.
Паводле яго, каб перадухіліць санкцыі «ў ход можа быць пушчаны ўпадабаны прыём тэрарыстаў – гандаль закладнікамі». Гэтак, можа быць прапанаваны бесперашкодны доступ адвакатаў да зняволеных, вызваленне некаторых палітычных зняволеных пад заклад ці выбарачная амністыя або доступ у турмы прадстаўнікоў Чырвонага крыжа.
«Прапанаваны сцэнар грае выключна на руку Лукашэнку, які спрабуе пазбегнуць увядзення жорсткіх санкцый з боку ЗША і Еўрапейскага звязу супраць свайго рэжыму. Яго мэта – захаваць уладу. Усё, што прапануе цяпер рэжым, з’яўляецца падманам чаканняў беларускага грамадства», – заявіў кіраўнік НАУ.
Між тым Мікалай Халезін паведаміў у Facebook, што ўжо напачатку наступнага тыдня «амерыканскія афіцыйныя асобы абнародуюць шэраг санкцыйных нюансаў, якія датычаць Беларусі». Яны будуць датычаць эфектыўнасці эканамічных санкцыяў. Паводле Халезіна, абнародаванне персанальных санкцыяў пераносіцца на пачатак траўня з мэтай іх сінхранізацыі са структурамі Еўразвязу.
Нагадаем, што ЗША аднаўляюць прыпыненыя з 2015 года эканамічныя санкцыі ў дачыненні беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Санкцыі павінны быць уведзеныя ўжо з 26 красавіка. Пры гэтым уплыў санкцыяў на эканоміку Беларусі можа быць нашмат большым, чым раней.
МГ belsat.eu