У Польшчы ёсць попыт на беларускую кнігу


Беларускія ініцыятывы, што паўсталі ў Беластоку, ініцыююць цікавыя праекты. Напрыклад, беларускія бібліятэкі – як для дарослых, так і для дзяцей.

Беларускія кнігі.
Фота: Белсат

За мяжою людзі пачынаюць цягнуцца да ўсяго нацыянальнага, і тут ніхто не замінае рэалізоўваць ідэяў, таму ініцыятывы растуць як грыбы пасля дажджу. Так, прыйшоў запыт на беларускую кнігу – і людзі адразу сталі ствараць бібліятэкі. Сабраць як мага больш беларускіх кніг задумалі ў хабе «Новая зямля» у Беластоку і пачалі дзейнічаць.

«Ёсць вялікая патрэба ў беларускім слове, людзі прасілі нас адкрыць бібліятэку. І мы пачалі рэалізоўваць гэтую ідэю», – кажа Зміцер Антончык з хабу «Новая зямля».

Зміцер адзначае, што ідэя ўзнікла даўно, а цяпер ужо ўвасабляецца: «У хабе мы стварылі бібліятэку, дзе кожны чалавек можа ўзяць кнігу: пачытаць дадому ці ў нас хабе. Таксама людзі могуць і самі прыносіць кнігі, якія яны могуць аддаць у грамадскую бібліятэку. Будзе група ў тэлеграме, дзе будзе спіс усіх кніг. Мы плануем сабраць досыць вялікую бібліятэку. Таксама хацелі, каб была сувязь з Беларуссю, таму адкрылі дзіцячую бібліятэку».

Зміцер Антончык.
Фота: Белсат

Сям’я Гаруновічаў стварала бібліятэку для сваіх дзетак, а цяпер выданні чытаюць дзеці іншых беларусаў, большасць з якіх была вымушаная пакінуць радзіму. Бібліятэка называецца «Скрынка Скарынкі».

«Гэта была ідэя майго мужа. Ён журналіст, і ў 2020 годзе ён за адзін дзень перайшоў на беларускую мову. Для мяне гэта не рэальны подзвіг. У нас трое маленькіх дзетак, мы не хацелі з’язджаць з Беларусі, мы хочам дадому, і таму нам вельмі важна, каб у дзяцей захоўвалася сувязь з Беларуссю, з беларускай культурай і моваю. З дапамогай людзей мы прывезлі з Менску нашыя беларускія кніжкі, і ўжо дзеці маглі чытаць. Мы падумалі, што класна было б дзяліцца гэтымі кніжкамі з іншымі дзецьмі. Але кніг было не шмат, можа дзесяць. Таму мы вылучылі невялікі бюджэт і набылі яшчэ прыкладна трыццаць кніжак, сфармавалі бібліятэчку. І людзі пачалі браць кніжкі, – тлумачыць у размове з «Белсатам» Юлія Гаруновіч.

Юлія Гаруновіч.
Фота: Белсат

Цяпер у бібліятэцы «Скрынка Скарынкі» 60 выданняў і на гэтым сямʼя Гаруновічаў спыняцца не думае.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў