Чысты прыбытак прадпрыемстваў скараціўся ў 2013 годзе на 40 %


Адначасова з гэтым колькасць стратных прадпрыемстваў амаль падвоілася, паведамляе Белстат.

Аб’ём чыстага прыбытку, заробленага прадпрыемствамі краіны, скараціўся на Br 29,1 трлн.

Значнае зніжэнне прыбытку летась было зафіксаванае ва ўсіх вобласцях:

  • Берасцейшчына – 44,6 %
  • Віцебшчына – 61,4 %
  • Гомельшчына – 30,2 %
  • Гарадзеншчына – 32,6 %
  • Магілёўшчына – 41,5 %
  • Меншчына – 54,2 %.

У Менску, на долю якога прыпадае амаль 40 % сукупнага нацыянальнага даходу, чысты прыбытак прадпрыемстваў зменшыўся ў 2013 годзе на 31,9 % у параўнанні з пазалеташнім годам.

Разам са зніжэннем прыбытку ў 2013 годзе значна павялічылася колькасць стратных арганізацыяў і вырасла велічыня стратаў, якія такія прадпрыемствы атрымалі. Гэтак, па выніках мінулага года ў краіне зафіксавалі 752 стратныя арганізацыі (супраць 426 у 2012 годзе). Доля стратных арганізацыяў ад агульнай колькасці прадпрыемстваў дасягнула 9,1 % (у 2012-м – 5,2 %).

Міністэрства эканомікі раней тлумачыла пагаршэнне фінансавых паказнікаў прадпрыемстваў цяжкасцямі са збытам айчынных тавараў і павелічэннем у сувязі з гэтым складскіх запасаў. Прадстаўнікі міністэрства таксама зазначалі, што ўступленне Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю прывяло да ўзмацнення канкурэнцыі ды выціскання беларускіх вытворцаў з традыцыйнага рынку збыту.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў