Дырэктар Берасцейскай крэпасці – пра манумент «Мужнасць»: Як маглі нармальныя людзі так выказацца?


Адміністрацыя мемарыяльнага комплексу «Берасцейская крэпасць-герой» лічыць блюзнерствам ўлучэнне ў рэйтынг самых пачварных помнікаў свету манументу «Мужнасць» і мае намер запатрабаваць афіцыйных выбачэнняў ад тэлеканалу CNN.



Куды падаваць скаргу?



«Тое, што яны (журналісты CNN – belsat.eu) зрабілі, – гэта подла і па-блюзнерску. Гэтак ставіцца да памяці нельга. Помнік усталяваны не проста недзе як твор мастацтва, а ў першую чаргу як памяць пра тых, хто загінуў. Рабіць антырэйтынг такіх помнікаў, па-мойму, нельга», – заявіў дырэктар мемарыяльнага комплексу Рыгор Бысюк.

Пакуль кіраўніцтва Берасцейскай крэпасці не ведае, куды падаваць скаргу, але мяркуе, што замежныя журналісты як мінімум мусяць папрасіць прабачэння.

«Каментары – гэта ўвогуле жах»



Манумент Манумент “Мужнасць”. Фота wikimapia.orgАмерыканскія журналісты ўлучылі галоўны манумент мемарыяльнага комплексу «Берасцейская крэпасць-герой» у рэйтынг самых пачварных манументаў на свеце, матываваўшы тым, што «мужнасць патрэбная дзеля таго, каб паглядзець на гэтую бетонную выяву воіна, які выглядае ці то вельмі раз’юшаным, ці то такім, хто мае праблемы са страваваннем».

«Гэтыя каментары – гэта ўвогуле жах. Як маглі ўвогуле нармальныя людзі здагадацца вось так з’едліва, па-дурному выказвацца. Я лічу, што амерыканцы проста не ведаюць, што такое вайна і нават не чыталі гісторыі. Яны проста не ведаюць, што такое Берасцейская крэпасць», – адзначыў спадар Бысюк.

Скаргі як страляніна па вераб’ях?



Пра рэйтынг кіраўніцтва мемарыялу даведалася з інтэрнэту. «Я сам чытаю навіны ў інтэрнэце і ўбачыў гэты рэйтынг сам. А потым нам яшчэ патэлефанавала абураная жанчына з Менску, каб расказаць пра гэты рэйтынг. Важна, што людзям не ўсё роўна. І добра, што гэта была не ветэран. Бо я ўяўляю, некаторых ветэранаў такая ацэнка можа проста да інфаркту давесці», – адзначыў прадстаўнік мемарыялу.

Паводле дырэктара, заўтра гэтае пытанне ён будзе ўзнімаць у Міністэрстве культуры. «Мяркую, што раз яны (журналісты CNN – belsat.eu), не задумваючыся, рабілі такі рэйтынг, то наш ліст з крыўдамі ды прэтэнзіямі будзе як страляніна па вераб’ях і наўрад ці нешта прынясе. Але мы ўсё роўна будзем рабіць нейкія захады», – заявіў спадар Бысюк.

Чаргінец: Некаторыя гнуць лінію Гітлера

У сваю чаргу старшыня Саюзу пісьменнікаў Беларусі ды кіраўнік Грамадскага савету маральнасці Мікалай Чаргінец назваў рэйтынг CNN часткаю палітыкі, накіраванай на перагляд гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

«У тым, што CNN абразіла галоўны манумент Берасцейскай крэпасці, няма нічога дзіўнага, бо ў гэтай кампаніі ёсць людзі, якія прытрымліваюцца лініі, якую выпрацаваў яшчэ ў Райху Гітлер. Некаторыя ашалелыя палітыкі Захаду працягваюць гнуць гэтую лінію. У тым ліку падвяргаюць ціску любыя крокі Беларусі, накіраваныя на ўсталяванне добрасуседскіх адносінаў з заходнімі краінамі, у прыватнасці, з дзяржавамі Еўразвязу», – заявіў спадар Чаргінец.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў