Актывісты Еўрамайдану прыйшлі пікетаваць Вярхоўную Раду (Абноўлена)


Удзельнікі пратэстаў ва Украіне хочуць нагадаць дэпутатам, што чакаюць ад іх не пустых размоваў, а канкрэтных рашэнняў. Сярод асноўных патрабаванняў – змена канстытуцыі і прызначэнне даты выбараў новага прэзідэнта.



Калона фарміравалася на вул. Інстытуцкай у Кіеве. Шэсце распачалося а 10:00 паводле кіеўскага часу. Агенцтва «Уніан» падае, што ўрадавы квартал атачылі ад 3 да 4 тыс. пікетоўцаў.

Пра тое, што да Вярхоўнай рады рухаецца калона з некалькіх тысяч чалавек, дэпутатам на пасяджэнні паведаміў лідар парламенцкай фракцыі «Батьківщина» Арсеній Яцэнюк. Ён заклікаў дэпутатаў прагаласаваць за праект новай канстытуцыі ў Канстытуцыю. У выніку спікер Уладзімір Рыбак паведаміў, што паседжанняў рады не будзе, пакуль не будуць распрацаваныя змены ў канстытуцыю.



Маршрут удзельнікаў пратэстаў праходзіў па вул. Інстытуцкай і далей па ўрадавым квартале ў Кіеве. Пра намер правесці мірны марш да Вярхоўнай Рады ў сераду заявіў камендант Еўрамайдану, дэпутат ад фракцыі «Батьківщина» Андрій Парубій.

У сераду на чарговым пасяджэнні ўкраінскі парламент гэтак і не змог знайсці выйсця з палітычнага крызісу ў краіне. Спікер абвесціў перапынак да ранку чацвярга.

Сёння ж Еўрапарламент мае ўхваліць рэзалюцыю ў справе Украіны. У праекце ёсць пункт пра персанальныя санкцыі супраць чыноўнікаў, датычных да брутальных разгонаў і пераследу дэманстрантаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў