Хто і з якой зброі забіў Нігаяна і Жызнеўскага? Журналісцкае расследаванне


Журналісты ўкраінскага тэлебачання «Еспресо TV» з дапамогаю адмыслоўцаў спрабуюць высветліць акалічнасці смерці на Майдане. Яны прыходзяць да высновы, што «Беркут» мог свядома выкарыстоўваць баявыя патроны.

У інтэрнэце апублікаванае відэа бою на вуліцы Грушэўскага, знятае з-за спінаў сілавікоў. На відэа шмат супярэчлівых момантаў, таму журналісты папрасілі эксперта ў зброі пракаментаваць яго. Праз напружаную сітуацыю з выкраданнем і арыштамі, адмыслоўца каментуе відэа ананімна.

Паводле эксперта, на першай хвіліне баец страляе са стрэльбы «Форт-500» траўматычнымі патронамі, бо відаць, што аддача нямоцная. Гук стрэлу не гучны і глухі. А ўжо на 1:35 хвіліне мы бачым, як міліцыянта штурхае аддача і гук стрэлу моцны. Чаму яго, натрэнаванага ў выкарыстанні гэткай зброі, адштурхоўвае стрэлам?

{movie}Начны бой у Кіеве|right|14567{/movie}

«Ён прызвычаіўся страляць зброяй з траўматычнымі патронамі. Цела прызвычаілася да такой аддачы і падчас стральбы займае пэўнае становішча. А тут вырашыў стрэліць баявым патронам. Вынік бачны на відэа», – заўважае эксперт.

Некаторыя адмыслоўцы заўважаюць, што ў першым выпадку баец набіў патроны, якія замерзлі, а ў другім ён дастаў тыя, што былі ў цяпле.

«Мы з людзьмі, што разбіраюцца ў зброі, правялі эксперымент. Палову патронаў замарозілі, а палову трымалі ў цяпле. Падчас стрэлаў істотнай розніцы мы не заўважылі», – гаворыць эксперт.

Незалежна ад мадыфікацыі, якая-кольвек стрэльба «Форт 500» можа страляць любымі патронамі калібру 12/76. Таксама можа выкарыстоўвацца меншы памер 12/70, 12/76. Таксама не мае значэння, чым страляць: гумовымі кулямі, шротам ці баявымі кулямі, гаворыць адмыслоўца.

«Гума – гэта траўматычныя кулі, а ўсё, што са свінцом – баявыя. Мінімальная колькасць пораху для эфектыўнай стральбы шротам і куляю з 12 калібру на адлегласць, большую за 30 м, 1,5 г пораху маркі «Сокал». Мінімальная вага шроту ў 12 калібры – 24 г. Выснова: 24 г, мінімальны набой, плюс 1,5 г пораху даюць істотную аддачу».

Яшчэ адзін важны момант. 28 снежня на расейскім сайце «Lenta.ru» з’явілася інтэрв’ю байца «Беркуту» і жаўнера ўнутраных войскаў, якія пацярпелі падчас сутычак. У інтэрв’ю беркутавец гаворыць, што калі ў іхную стрэльбу паставіць баявы патрон, то зброю разарве падчас стрэлу. «У нас стрэльба разлічаная на палёт кулі максімум на 50–60 м, а калі паставіць паляўнічы патрон, ствол разарве. Ён прызначаны толькі для гумовых куляў, там жа ёсць адмысловыя дзірачкі», – сказаў ён.

Як распавёў журналістам «Еспресо TV» эксперт, гэтыя «дзірачкі» – цеплавы экран, каб баец не апёк рук. А звужэнне дула дазваляе весці стральбу і траўматычнымі, і гумовымі кулямі

Што да куляў, як вынікае з вялікай колькасці апублікаваных фота, байцы страляюць патронамі «Терен» двух тыпаў:

з эластычнаю куляю ўдарна-траўматычнага дзеяння;

з эластычным шротам ударна-траўматычнага дзеяння.

«Забіць такімі боепрыпасамі можна толькі калі страляць ва ўпор, але характар пашкоджання тканак будзе іншы», – распавёў эксперт.

«Відэа з ускрыцця Нігаяна не вельмі добрай якасці, але з верагоднасцю 90 % на шроце, які паказваюць на 1:25, відаць характэрныя ўмяціны, якія засталіся на іх падчас праходжання праз канал ствала ў момант стрэлу. Гэта азначае, што патрон быў без кантэйнеру. Наколькі мне вядома, украінскі завод «Тахо» выпускае буйнакаліберны шрот толькі ў кантэйнеры. Значыць, трэба шукаць адпаведныя гільзы».

На думку эксперта, бескантэйнерны шрот сілавікам ніхто не выдае, таму, хутчэй за ўсё, выкарыстанне такіх патронаў – уласная ініцыятыва байцоў.

«Уявіце сабе: чалавек ідэалагічна перакананы, што супраць іх стаяць ворагі ды іх шмат. Людзі, што за грошы рэалізоўваюць чыесьці планы. Таму дзеля ўласнай бяспекі сілавікі прыхапілі ўласныя патроны», – агучвае адну з версіяў эксперт.

Здабыць металічны шрот для чалавека, які мае дазвол на выкарыстанне зброі, – не праблема.

У той жа дзень у лякарню прывезлі мужчыну, які пацярпеў у сутычках на вуліцы Гршэўскага, і з яго дасталі кулю Бландо.

«Яе асаблівасць – гэта падкаліберная куля, то бок дыяметр яе меншы за дыяметр каналу стрэльбы 12 калібру. Для стрэлу яе таксама ўстаўляюць у кантэйнер. Падчас стрэлу куля не дакранаецца да каналу ствала. Пасля стрэлу ў ствале і на кулі не застаецца слядоў, таму эксперту будзе вельмі цяжка вызначыць, з якой зброі стралялі», – распавёў эксперт журналістам.

Гэтыя кулі – у вольным продажы, трэба толькі паказаць пасведчанне права нашэння і захоўвання гладкаствольнай зброі.

Смерць Нігаяна і Жызнеўскага

На відэа ўскрыцця Нігаяна відаць, што стралялі шротам, хутчэй за ўсё, дыяметрам 8,5 мм «З відэа бачна, што шрот увайшоў у цела не кучна, значыць, стралялі з метраў 30–40. На паляванні шрот без капсулы выкарыстоўваюць на блізкіх дыстанцыях», – гаворыць эксперт.

Што да Жызнеўскага, кулі, якімі яго забілі, былі зробленыя не са свінца. «Мяркуючы па колеры, гэта латунь. Яна не дэфармуецца так, як свінец.

Таксама на відэа ўскрыцця беларуса відаць роўныя краі ўваходных і выходных атворынаў».

Афіцыйная пазіцыя МУС такая, што боепрыпасы, якімі нанесеныя гэтыя цялесныя пашкоджанні, на ўзбраенні міліцыі не няма.

«Прычынаю смерці дваіх мужчынаў сталіся агняпальныя раненні. У Сяргея Нігаяна выяўленыя цялесныя пашкоджанні ад двух пранікальных сляпых ранаў грудной клеткі з пашкоджаннем лёгкіх і сэрца, а таксама непранікальнае раненне галавы. Смерць Міхаіла Жызнеўскага наступіла ад скразнога ранення грудной клеткі з пашкоджаннем аорты ў вобласці сэрца. У першым выпадку раненне нанеслі шротам на аснове сплаву свінца, у другім – паляўнічаю куляю».

МЛ, паводле espreso.tv

Стужка навінаў