“Апазіцыйныя партыі не трапляюць у камісіі, бо не маюць структураў”


У выбарчыя камісіі трапляе мізэрны працэнт прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў, бо апошнія не маюць тэрытарыяльных структураў, кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Сёння завяршаецца фармаванне 155 тэрытарыяльных камісіяў на выбарах прэзідэнта Беларусі. Паводле звестак ЦВК, усяго для працы ў іх вылучыліся 2 681 чалавек. Права накіроўваць сваіх прадстаўнікоў мелі палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў.

Ужо вядома, што ў склад Менскай гарадской камісіі ад апазіцыі ўвайшлі толькі тры прадстаўнікі, а ў Гомельскую абласную – ніводнага.

“Асноўная праблема – адсутнасць структураў партыяў ніжэй абласнога ўзроўню. У свой час улады прыклалі вялікія намаганні для ліквідацыі раённых і гарадскіх структураў палітычных партыяў, матывуючы тым, што яны не маюць права размяшчаць свае юрыдычныя адрасы ў жылым фондзе”, – тлумачыць Валянцін Стэфановіч.

Другі важны момант – адсутнасць крытэраў адбору сябраў у выбарчыя камісіі. Выканаўчыя камітэты, адказныя за гэты працэс, беспакарана ўключаюць тых, хто ім патрэбны.

“Мы не адзін раз крытыкавалі гэтую практыку і настойвалі на тым, што камісіі мусяць фармавацца на парытэтнай аснове: там павінны быць прадстаўнікі ўсіх палітычных плыняў”, – сказаў эксперт.

belsat.eu
https://youtu.be/IsIUTR4sS7I
https://youtu.be/0lHja8vFC64

Глядзі таксама
Каментары