STARавіны. Шопінг 100 гадоў таму


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.

Зусім нядаўна ў нашую мову прыйшло новае слова «шопінг». Дактары нават раяць, каб супакоіць нервы і ўсталяваць раўнавагу, пахадзіць па крамах, нешта набыць. Дык давайце разняволімся, зазірнуўшы ў крамы стогадовай даўніны, і паглядзім, чым яны гандлявалі.

Тыднёвік польскі «Nad Swislocza» (Менск, май 1913-га, 1914-га) дапаможа нам зазірнуць у менскія крамы польскіх гаспадароў. З 1884 года насупраць лютэранскага збору працавала крама каланіяльных тавараў братоў Яна і Тадэвуша Стараневічаў, з 1890 года крама месцілася ў доме Ландаў пры вул. Захараўская. Яны гандлявалі імпартнымі рэчамі: гарбата, кава, тытунь, спецыі. З 1905 года ў муніцыпальным доме на вул. Юраўская існавала крама акцыйнага таварыства «Свіслач», у якой можна было набыць скураныя вырабы, машынкі для галення «Жылет», парасоны. Крама галантарэі «Юзэфа Захара» пры вул. Францішканская прапаноўвала капелюшы, англійскія паліто, каляровыя і пад фрак кашулі, марынаркі, рукавіцы, амерыканскі абутак.

У краме Маркевіча і Гладкевіча, якая размяшчалася ў гатэлі «Еўрапейскі» на вул. Францішканская, куплялі сукны (бавоўну, шевёты), шоўк (плашчовы, сукенны, блузкавы, падшыўку), корты для мужчынскіх касцюмаў, вельвет, гафты, палатно (сталовае, ручнікі, покрыўкі), коўдры ватныя, плюшавыя, шарсцяныя, пледы, шалікі, вуалі, шкарпэткі ды панчохі. Крама шкляных вырабаў «Чмелаў» каля сельскагаспадарчага таварыства на вул. Захараўская мела вялікі выбар фарфоравых, фаянсавых і каменных сервізаў, гладкае, шліфаванае і гравіраванае шкло, гарнітуры на ўмывальню, фігуры, бюсты, вазоны, эмаліраваны посуд.

Калі вы стаміліся, дык зойдзем у якую-небудзь з наступных цукерняў: да Белановіча, якая раней належала Шэнінгу і Венгжэцкаму; ці ў «Яўгену», заснаваную ў 1890 годзе Баркоўскім, а ў 1913 яна ж належала Каньскаму; ці ў «Георгес» або пры рэстаране «Селект».

Ну а цяпер пройдземся па магілёўскіх крамах таго ж часу. У гэтым нам дапаможа «Могилёвский вестник». У краме Г.М. Ратнера на Вялікай Садовай вуліцы быў выбар гатовай мужчынскай і жаночай бялізны, модныя і сезонныя тавары (МВ, № 154, с. 4). Крама В.З. Кічына мела ў продажы абутак Санкт-Пецярбургскай механічнай фабрыкі «Скороход» ды іншых найлепшых расейскіх і замежных фірмаў. Суконная крама М. Навасельскай на В.-Садовай вуліцы гандлявала суконным таварам апошніх навінак сезону, найлепшых расейскіх і замежных фабрык. «Выбар не саступае сталічным крамам», – запэўнівала рэклама (МВ, № 73, с. 4).

Напрыканцы зойдзем у краму А. Фейгіна (фірма існуе з 1870 года), дзе вялікі выбар расейскіх і замежных вінаў, шампанскага, лікёраў і водкавых вырабаў, бакалейныя, гастранамічныя, каланіяльныя і кандытарскія тавары, свежая і вэнджаная рыба, дзічына, садавіна (МВ, № 153, с. 1). Ну, а калі гэтае не задаволіць, дык можна набыць што-небудзь і ў краме Б.І. Атліванікава – розныя пернікі ды цукеркі, асятрыну, ласасіну, свежых і вэнджаных сігаў, вугроў, балыкі, сёмгу, ікру зярністую, паюсную і кетовую, дзічыну, розныя кансервы, фрукты крымскія і замежныя (МВ, 1913, 9.04, с. 4).

Калі у вас пацяклі слінкі, дык будзем развітвацца, і ахвотныя могуць схадзіць у нашыя крамы ды параўнаць, пры нагодзе, тавары сённяшнія з тымі, пра якія прачыталі тут.

Вячаслаў Швед для belsat.eu

Стужка навінаў