Як вам фасончык? Мінспорту выбірае форму для алімпійцаў (фота)


Упершыню на Зімовай алімпіядзе беларускія спартоўцы будуць выступаць у форме, зробленай не ў Кітаі, а ў Беларусі. На тое, каб апрануць нашых алімпійцаў, прэтэндуюць дзве беларускія фірмы.

На сайце міністэрства апублікаваныя 32 фотаздымкі – гэта парадны і трэніровачны касцюмы, шорты і кашулькі. У працах ад брэнду “Oraz”, што спецыялізуецца на спартовай вопратцы, у якасці аздобы – стылізаваная выява васілька. Гэты матыў дызайнеры “Oraz” ужо выкарыстоўвалі ў форме для зборнай Беларусі па боксе і нацыянальнай каманды па сінхронным плаванні.

Кацярына Цікота, аўтарка моднага праекту «Tikota Unique»:

«Добра, што такі важны момант, як алімпійская форма, урэшце пастанавілі даверыць беларускім вытворцам. Брэнд «Oraz» прыцягвае ўвагу наяўнасцю прынта з валошкаю. Гэта добры выбар – падкрэсліць нацыянальны акцэнт, але я б зрабіла яго больш вытанчаным і пагулялася б са змяшчэннем на адзенні. «La fason» звярнуў увагу на тое, што фасон таксама мае значэнне. Адзенне для дзяўчат і хлопцаў моцна адрозніваецца. Чорна-белая гама гаворыць пра сур’ёзнасць і адказнасць. Але абодвум брэндам трэба смялей эксперыментаваць з каляроваю гамаю і нацыянальнымі акцэнтамі. І абодвум брэндам я зычу ўдачы!».

Другі брэнд, што прэтэндуе на тое, каб убраць беларускіх алімпійцаў – “La fason”, адносна маладая каманда энтузіястаў, што працуе разам троху больш за год. “Мы займаемся практычна ўсім, што звязанае з тканінамі”, – паведамляе сайт вытворцы. Сярод іншага – тэрміновым рамонтам адзення, шыццём шлюбных сукенак і школьнай формы, фіранак, чахлоў і падушак. “La fason” рыхтаваў уборы для рэстаранаў і бараў, для працаўнікоў “Velcom” і амбасады Арменіі ў Беларусі. У адзенні, што брэнд прапаноўвае алімпійцам, бадай што цэнтральнае месца займае афіцыйны дзяржаўны герб, які дапаўняе надпіс “BLR” у авале.

Агулам на тое, каб апрануць беларускіх алімпійцаў, прэтэндавалі 11 беларускіх фірмаў. Аднак журы з трэнераў, спартоўцаў і чыноўнікаў пакінула для далейшай барацьбы толькі два брэнды. Міністэрства спорту заклікае скіроўваць прапановы і меркаванні наконт прэзентаванай вопраткі на мэйл press@mst.gov.by. “Асабліва каштоўнае для нас меркаванне саміх спартоўцаў. Падабаецца, не падабаецца, чаму? Што б вы прапанавалі змяніць у форме? Вытворцы гатовыя да дыялогу і супрацы”, – гаворыцца на сайце ведамства.

Адзін камплект формы для алімпійцаў можа каштаваць каля $ 1000. Ад Беларусі ў Сочы будуць выступаць каля 50 спартоўцаў. “Алімпійская” замова можа быць хай і не самаю вялікаю і прыбытковаю для дызайнераў, найбольшую вагу будзе мець іміджавы капітал: шыць форму для алімпійскай зборнай – гэта прэстыжна.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў