У ЗША сабралі $ 20 тыс. на статую д’ябла


Незвычайную фігуру плануюць узвесці ў сталіцы штату Аклагома, побач з мемарыяльнаю дошкаю, на якой напісаныя біблейскія дзесяць запаветаў.



Амерыканскія сатаністы з групы «Сатанінскі храм» хочуць ўжо сёлета ўсталяваць статую д’ябла перад будынкам парламенту штату Аклагома. Паводле інфармацыі «Лос-Анджэлес Таймз», чальцы гэтай групы ўжо прэзентавалі дызайн статуі і падалі ўладам заяўку.

У цяперашні час сатаністы працягваюць збіраць ахвяраванні для свайго амбіцыйнага праекту «Прысвячэнне сатане». Праз інтэрнэт цягам апошняга месяца яны сабралі $ 20 тыс. замест чаканых 16 тыс.

Дызайн статуі прапаноўваецца такі: фігура сатаны больш за 2 м вышынёю з галавою барана, доўгая барада, рогі ды крылы. «Cатана сядзіць на троне ў асяроддзі дваіх шчаслівых і вясёлых дзяцей», – адзначаюць сатаністы на сваім сайце. Там таксама паведамляецца: людзі ўсіх узростаў для натхнення і сузірання могуць сядзець на каленях сатаны.

МЯ, belsat.eu, паводле catholic.by, sedmitza.ru

Стужка навінаў