Кошт – жыццё: Як журналісты змагаюцца з карупцыяй ва Украіне


Галоўны рэдактар украінскага парталу «Дарожны кантроль», на якім публікуюцца матэрыялы пра карупцыю сярод ДАІшнікаў і чыноўнікаў, распавёў «Белсату», што пагражае журналістам, якія расследуюць карупцыйныя справы ва Украіне.

Сам Расціслаў Шапашнікаў мусіў уцячы ў Польшчу праз страх за сваё здароўе і жыццё. Ён з’ехаў з радзімы пасля таго, як за краты трапілі ягоныя працаўнікі. Журналіста ягонага парталу абвінавацілі ў спробе гвалтоўнага захопу адміністрацыі прэзідэнта. Юрыста, звязанага з інтэрнэт-старонкаю, – у замаху на забойства суддзі. Некалькі дзён таму на адну з журналістак «Дарожнага кантролю» Святлану Маліцкую напалі «невядомыя асобы». Са спадаром Расціславам «Белсат» паразмаўляў пасля таго, як ён атрымаў інфармацыю, што незнаёмцы спрабавалі выкрасці аднаго з з актывістаў «Дарожнага кантролю», а потым стралялі ў яго.

– Ці праўда, што партал «Дарожны кантроль» паўстаў у 2008 годзе як адказ на дзейнасць палітыкаў, якія цяпер пратэстуюць на Майдане?

– Пацешна, але прычынаю стварэння нашага сайту ў 2008 годзе былі незаконныя дзеянні сённяшняй апазіцыі, якая была тады пры ўладзе. У той час урадам кіравала Юлія Цімашэнка, прэзідэнтам быў Віктар Юшчанка, главою МУС – Юрый Луцэнка, а старшынём Вярхоўнай Рады – Арсень Яцэнюк. Большасць з іх пратэстуюць цяпер на Еўрамайдане.

– Чаму «памаранчавая» кааліцыя амаль нічога не зрабіла дзеля таго, каб выкараніць паталагічную сістэму?

– Калі яны прыйшлі да ўлады, яны вырашылі нічога не змяняць. Ім было прасцей «уручную» кіраваць пракурорамі ды міліцыяй, бо яны выкарыстоўвалі гэтыя структуры ў сваіх мэтах. Сённяшняя апазіцыя адказвае за размнажэнне ўсіх гэтых ідыётаў ва ўладных структурах, якіх узялі ды выкарысталі супраць яе. «Дарожны кантроль» падтрымлівае Майдан, але ён не падтрымлівае ні апазіцыю, ні ўрад. Вядома, мы можам з цяперашняй апазіцыяй сустрэцца, каб абмеркаваць нашыя праблемы, але мы незалежныя. Мы змагаемся з карумпаванымі чыноўнікамі, незалежна ад іх палітычнай афарбоўкі.

– Што беспасярэдне сталася прычынаю паўстання вашага парталу і руху?

– У 2008 годзе ўлады ледзь не ў 20 разоў паднялі штрафы і далі права працаўнікам ДПС вырашаць: што мела месца – парушэнне ці злачынства, і дазволіла ім асабіста вызначаць суму штрафу. Раней такія рашэнні прымаў суд. Новы ж закон ва ўкраінскіх умовах справакаваў жахлівую карупцыю. Патрабаванне хабару стала штодзённаю з’яваю. У краіне паглыбіўся эканамічны крызіс, а міліцыянты ў наўпроставым сэнсе слова рабавалі людзей на вуліцах. Як журналіст я зарэгістраваў сайт, дзе пачаў апісваць выпадкі карупцыі. Праз некаторы час маёй працаю зацікавіліся агульнаўкраінскія медыі. Мы пачалі паказваць запісаныя на відэакамеры выпадкі патрабавання хабару і пагрозаў з боку міліцыянтаў. Апраўдвацца давялося ўкраінскім міністрам.

– Ці кожны кіроўца можа звярнуцца па дапамогу ў «Дарожны кантроль»?

– Мы не дапамагаем наўпрост, але мы стварылі такую сістэму, што, калі кіроўцу патрэбная дапамога, яго кансультуюць іншыя кіроўцы, якія мелі гэткія праблемы з міліцыяй або судамі. Пра самыя абуральныя выпадкі мы распавядаем на нашым сайце. І дзякуючы нам на праблемы вялікай колькасці людзей звярнулі ўвагу медыі.

– Вы наракаеце на цяперашнюю апазіцыю, але ж рэальныя праблемы пачаліся, калі яна страціла ўладу.

– Калі Віктар Януковіч стаў прэзідэнтам, на ключавыя пасады ў міліцыі, пракуратуры і судах ён прызначыў людзей з Данецкай вобласці. А гэты рэгіён цяжка назваць багатым на адмыслоўцаў. Таму на ключавых пасадах аказаўся хто заўгодна, часта з відавочна крымінальным мінулым. І цягам некалькіх гадоў гэтыя людзі стварылі злачынную групоўку, якая пачала пераследаваць людзей.

– Гэта таксама азначала, што з праблемамі сутыкнецца і ваш сайт…

– 24 сакавіка 2012 года мяне выкралі проста з-пад майго дому «невядомыя» і жорстка збілі ў лесе. Яны хацелі мяне запалохаць і зламаць, але гэта мяне толькі яшчэ больш раззлавала. Пасля паліся падпалы аўтамабіляў нашых журналістаў і актывістаў. Сёлета на пачатку года «невядомыя» зноў зарганізавалі напад, гэтым разам на нашага калегу з Данецку, якому раней падпалілі машыну. Яны моцна збілі яму галаву і павыбівалі зубы. І міліцыя, вядома, не знайшла сведкаў.

– Што было беспасярэдняю прычынаю ўзмацнення рэпрэсіяў супраць вас і калегаў?

– На пачатку 2012 года мы сур’ёзна ўзяліся за праблему міліцэйскіх стаянак, куды адбуксоўвалі аўтамабілі. У той час прэм’ер-міністр Мікалай Азараў выдаў распараджэнне, паводле якога міліцыя зможа наймаць для кіравання гэтымі паркоўкамі прыватныя фірмы. У выніку аплата вырасла больш, чымся ў 10 разоў. Гэта стварыла вялізарныя магчымасці для карупцыі, бо даходы ад стаянак ішлі ў рукі чыноўнікаў МУС і афіцэраў міліцыі.

На пачатку 2013 года распачалі крымінальную справу супраць траіх нашых журналістаў, якія пабывалі з відэакамераю на адной з такіх «камерцыйных» парковак. Уладальнікі нанялі галаварэзаў, якія збілі журналістаў, а міліцыя заплюшчыла на гэта вочы. А ў рэшце рэшт збітых журналістаў звінавацілі ў хуліганстве. Справа дагэтуль не закрытая. Гэта канчаткова пераканала нас, што ва Украіне існуе не судовая сістэма, а карупцыйная, ад якой просты грамадзянін не ў стане абараніцца, нават калі праўда на 100 % на ягоным баку. Адзінае выйсце – гэта выдаленне Януковіча і падначаленых яму пракурораў, суддзяў і міліцыянтаў.

– Чаму вы сканцэнтраваліся менавіта на міліцыянтах?

– Бо менавіта іхныя бяспраўныя дзеянні найчасцей назіраюць простыя грамадзяне і менавіта ад іх найчасцей пакутуюць. Тут не вядзецца толькі пра карупцыю, але пра поўную беспакаранасць. Не праходзіць і тыдня, каб п’яны міліцыянт не забіў кагосьці ў аўтакатастрофе, а затым выйшаў на волю дзякуючы пастанове лаяльнага суда. Тое ж самае адбываецца ў выпадках згвалтаванняў, учыненых працаўнікамі міліцыі. І ў такой сітуацыі жорсткі разгон дэманстрацыі «Беркутам» 30 лістапада быў апошняю кропляю. Спачатку пратэсты ў Кіеве датычылі толькі пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ, але пасля брутальных дзеянняў міліцыі людзі выйшлі на вуліцы, каб пратэставаць супраць карумпаванага ўраду.

– Як вы ўцягнуліся ва ўдзел у Еўрамайдане?

– Дарожныя патрулі не пускалі аўтамабілі ды аўтобусы ў цэнтр Кіева, і мы ведалі, як перашкодзіць ім у гэтых незаконных дзеяннях. Тады, калі збілі пратэстоўцаў, наш адвакат Віктар Смалій дапамагаў затрыманым. Скончылася ўсё арыштамі нашых актывістаў і двума нападамі. Больш за тыдзень таму збілі нашую журналістку Святлану Маліцкую, якая звыяўляла выпадкі карупцыі сярод пракурораў і паведамляла пра іх. Некалькі дзён таму спрабавалі забіць Уладзіміра Маралава, які быў нашым кіроўцам і браў удзел у шмат якіх блакадах і дэманстрацыях аўтаўладальнікаў, якія падтрымлівалі Еўрамайдан.

Два актывісты ўжо за кратамі.

Першы з іх – гэта Андрэй Дзындзя, абвінавачаны ў спробе захопу адміністрацыі прэзідэнта падчас дэманстрацыі 1 снежня, калі перад будынкам раптоўна з’явіўся бульдозер. Дзындзя – адзін з самых актыўных нашых сябраў, якога асабліва ненавідзіць міліцыя, у прынцыпе, з узаемнасцю. Падчас Майдану ён выяўляў тайных працаўнікоў сілавых службаў. Ён таксама запісваў шмат відэа, сярод іншага, падчас штурму адміністрацыі прэзідэнта. Яго ў гэтым штурме і абвінавацілі. Але гэта было толькі падставаю, сапраўднаю прычынаю арышту стала помста.

Падчас допытаў Дзындзя прагаварыўся, што мае поўны відэазапіс таго, што адбывалася ля будынку адміністрацыі прэзідэнта. А там, апроч правых радыкалаў, хутчэй за ўсё, было шмат ціхароў-правакатараў, якія актыўна бралі ўдзел у штурме. Такі матэрыял мог бы справакаваць Службу бяспекі Украіны (СБУ).

Калі Дзындзю затрымалі, яго абараняў наш адвакат Віктар Смалій, адзін з нешматліх адвакатаў, які не бачыць сваёй галоўнай ролі ў перадачы хабараў ад кліентаў суддзям. Ён ніколі не ішоў на такія кампрамісы. І калі 6 снежня агучвалі пастанову аб працягненні арышту Дзындзі, моцна паспрачаўся з суддзём. На наступны дзень Смалія абвінавацілі ў спробе забойства аднаго з суддзяў. Нібыта наш адвакат хацеў парваць судзейскую тогу, і гэта была прычына абвінавачання. Цікава, што калі некалькі дзён таму «хтосьці» страляў у нашага актывіста, справу распачалі паводле артыкулу аб хуліганстве. А парваная тога – гэта ўжо забойства.

– Чаму вы вырашылі пакінуць краіну?

– Са сваіх крыніцаў я даведаўся, што СБУ рыхтуецца затрымаць мяне і чакаюць толькі зручнага моманту – нейкай фармальнай падставы для арышту. Гэта паскорыла мой ад’езд. 10 снежня я набыў квіток на аўтобус і на наступны дзень быў ужо ў Варшаве, дзе звярнуўся па дапамогу ў Таварыства польскіх журналістаў (Stowarzyszenie Dziennikarzy Polskich). Я ведаў, што мяне або «замкнуць», або я скончу, як збітая журналістка Таццяна Чарнавіл.

Якуб Бернат, АК, belsat.eu

Стужка навінаў