«Абсталяваныя пазіцыі для стральбы». Мінабароны Беларусі заявіла пра ўмацаванне дзяржаўнай мяжы


Міністэрства абароны Беларусі адсправаздачылася, што ўзброеныя сілы «працягваюць выкананне задач па ўмацаванню аховы дзяржаўнай мяжы». Вайскоўцы ўзялі пад ахову масты, чыгунку, пераезды, абсталявалі пазіцыі для стральбы са стралковай зброі і ваеннай тэхнікі, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Захады па ўмацаванні аховы дзяржаўнай мяжы Беларусі. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: Міністэрства абароны Беларусі / Telegram

Прэс-служба міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што ўзброеныя сілы «працягваюць выкананне задач па ўмацаванню аховы дзяржаўнай мяжы». Цяпер, паводле афіцыйнага паведамлення, праводзіцца ратацыя падраздзяленняў.

Пад ахову ўзялі масты, чыгунку, пераезды, абсталяваныя пазіцыі для стральбы са стралковай зброі і ваеннай тэхнікі. Гэта зрабілі «у мэтах недапушчэння дыверсій і правакацый», адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Захады па ўмацаванні межаў афіцыйна тлумачаць тым, што трэба перадухіліць пастаўкі ў Беларусь зброі і боепрыпасаў, а таксама выключыць парушэнні дзяржаўнай мяжы.

Вайскоўцы ўмацоўваюць граніцу сумесна з тэрытарыяльнымі органамі МУС і Дзяржаўнага пагранкамітэту.

У паведамленні Мінабароны не ўдакладняецца, мяжа з якімі дзяржавамі цяпер пад узмоцненай аховай. Вайсковы аналітык растлумачыў «Белсату», што гэта граніца з Украінай.

«Там за спінамі памежных войскаў ствараецца ці ўжо створаная сапраўдная абарона: акопы, траншэі, апорныя пункты для мотастралкоў, ёсць капаніры для артылерыі. Самая небяспечная мяжа для беларускай улады – Украіна. Гэта выкліканае тым, што не раз Мінабароны, КДБ і Аляксандр Лукашэнка казалі пра магчымы прарыў незаконных узброеных фармаванняў і дыверсійна-выведных групаў з Украіны», – адзначыў эксперт.

Паводле суразмоўцы, беларуская мяжа з Украінай умацоўваецца ў мэтах менавіта абароны, а не для нападу, і зараз там толькі беларускія вайскоўцы. Расейцы, што прыбылі ў склад так званай рэгіянальнай групоўкі «Саюзнай дзяржавы», пакуль у рэзерве – на выпадак, калі сітуацыя пагоршыцца, і беларускіх войскаў не хопіць на прыкрыццё граніцы.

«Мяркую, што іхная задача – умацаваць абарону мяжы з Украінай, а таксама гэта дэманстрацыя з боку Беларусі і Расеі, каб Украіна не адводзіла свае войскі з беларускай граніцы і не накіроўвала іх у Данбас, дзе ўкраінцы маюць зараз перавагу», – падсумаваў аналітык.

Тыдзень таму Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў планах нанесці ўдары па тэрыторыі Беларусі, а таксама казаў пра нейкае «абвастрэнне на заходніх межах».  Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што Беларусь не жадае ваяваць ні з кім – «ні з літоўцамі, ні з палякамі, ні тым больш з украінцамі».

«Калі і вы не хочаце і не будзеце рабіць няправільныя крокі значыць, вайны не будзе. Нашыя планы – гэта планы абароны», – сказаў Хрэнін.

ВІДЭА
Ці ўцягне Крэмль Лукашэнку ў наземныя аперацыі ва Украіне?
2022.10.13 18:31

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў