«Рэжым пажырае сваіх». Хто такія ралевікі і чаму іх здзівіў арышт памочніка Мясніковіча


Памочнік старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіла Мясніковіча Дзмітрый Шадко – у СІЗА КДБ. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна», удакладніўшы, што чыноўнік – ралевік і асабіста ведае ўдзельнікаў гэтай субкультуры, затрыманых нібыта за датычнасць да дыверсіі ў Мачулішчах. «Белсат» спытаў «ветэрана» беларускага ролевага руху, як ралевікі маглі дапамагчы партызанам, і высветліў, што арышт Шадко здзівіў суполку.

Памочнік старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Дзмітрый Шадко.
Фота: Дзмітрый Шадко / Facebook

Першыя публікацыі пра знікненне ў Маскве беларуса Дзмітрыя Шадко, памочніка старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіла Мясніковіча, з’явіліся 13 сакавіка. Расейскі Telegram-канал «Baza» напісаў, што сувязі з чыноўнікам няма ад 10 сакавіка:

«Кватэру, дзе ён жыў, ускрылі, аднак там нікога не было. Памяшканне агледзелі паліцыянты, але нічога крымінальнага не пабачылі. Шадко працягваюць шукаць».

Гэта была інфармацыя ад неназваных крыніцаў.

На наступны дзень праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што Шадко, імаверна, затрымалі на працоўным месцы. Чыноўнік – удзельнік руху ралевікоў, і прычынай цікавасці сілавікоў да яго, паводле непацверджанай версіі, сталася тое, што ён асабіста ведае паплечнікаў, затрыманых у Беларусі нібыта за датычнасць да дыверсіі ў Мачулішчах.

Разбор
Экшан у Мачулішчах: сабралі галоўныя пытанні да версіі беларускіх сілавікоў
2023.03.13 12:12

16 сакавіка праваабаронцы паведамілі, што Шадко 10 сакавіка затрымалі ў Маскве супрацоўнікі ФСБ і што цяпер ён у «амерыканцы» – СІЗА КДБ.

Дагэтуль спраўджаных звестак пра ягоны лёс няма.

«Ён вельмі пралукашэнкаўскі»

Дзмітрый Шадко – кіраўнік самага старога ролевага клуба ў Беларусі, паведаміў «Белсату» на ўмовах ананімнасці «ветэран» гэтага руху, адзначыўшы, што затрыманне чыноўніка выглядае вельмі дзіўна:

«У ролевай супольнасці вельмі мала больш прарэжымных, чым ён, асобаў. Вельмі дзіўна, што яго затрымалі. Бо ён да мозгу касцей пралукашэнкаўскі быў заўсёды. Класічны чалавек сістэмы, які ад гэтага кайфаваў. Рэжым пажырае сваіх дзяцей».

Пры гэтым, паводле меркавання суразмоўцы «Белсату», «рэжым вельмі многім Шадко абавязаны».

«Ён – адзін са стваральнікаў БРСМ, хутчэй за ўсё, дапамагаў ствараць Аператыўна-аналітычны цэнтр, а, калі быў у міністэрстве інфармацыі, займаўся ідэалогіяй».

Памочнік старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Дзмітрый Шадко.
Фота: Дзмітрый Шадко / Facebook

Удзельнік ролевай субкультуры ўпэўнены, што Дзмітрый Шадко сам бы прыехаў у Менск, калі б паклікалі, і дапамог бы сілавікам, калі ралевікі сапраўды маюць нейкае дачыненне да атакі на расейскі самалёт:

«Ён бы не супраціўляўся прыехаць і пракансультаваць і ён мог бы дапамагчы расследаванню. Калі ён пачне працаваць на іхным баку, могуць пачаць масава садзіць любых ралевікоў, завабліваць у краіну, выходзіць на іхных сваякоў. Пагатоў многія ўнутры субкультуры пабраліся шлюбам».

Сувязі не дапамаглі?

Суразмоўца «Белсату» заўважыў, што шмат гадоў Шадко працаваў побач з Усеваладам Янчэўскім – ініцыятарам стварэння БРСМ, колішнім галоўным ідэолагам у адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і цяперашнім кіраўніком Парка высокіх тэхналогіяў.

«Там сувязяў хапае. Аднак жа ён не моцна рваўся на самы верх. Ён сэнсоўна вышэй першага намесніка міністра ніколі не хацеў падымацца. Яму падабалася ў цені, падабалася кіраваць з ценю. У сістэме яго паважалі», – кажа крыніца.

Дзмітрый Шадко (тады – першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі) побач з кіраўніком Парка высокіх тэхналогіяў Усеваладам Янчэўскім на сустрэчы тагачаснага прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова з топ-менеджарам карпарацыі Microsoft. 17 траўня 2018 года. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА

Цяпер жа чыноўніка, калі добра пашукаць, можна абвінаваціць і ў прапагандзе нацызму, дадае суразмоўца «Белсату». Ралевікі, як і рэканструктары, вельмі ўразлівыя асобы праз спецыфіку субкультуры:

«У іх можа быць нешта забароненае, які-небудзь муляж пісталета, які-небудзь меч, кінжалы – халодная зброя. Яны ж гуляюць і паводле Другой сусветнай вайны, і нацыстамі, у іх нацысцкая форма ёсць, у таго ж Шадко».

«Арганізаваная злачынная групоўка»

Ралевікі наўрад ці стануць займацца дыверсіямі кшталту мачулішчынскай, мяркуе суразмоўца «Белсату». Хаця тэарэтычна маглі б, натуральна, быць карыснымі:

«Ёсць розныя віды гульняў. Там, прабачце, аператыўнае мысленне развіваецца, людзі фізічна трэнуюцца. Калі гуляюць у чарадзеяў, упіраў, шпіёнаў, бессмяротных горцаў, робяць нешта скрытна, незаўважна, ладзяць нейкія гульнявыя інтрыгі, сюжэтнае ўзаемадзеянне. Дастаткова вынаходліва могуць падысці да пытання».

Удзельнікі гэтай субкультуры гуляюць у ролевыя гульні, звычайна – жывога дзеяння. Для іх, у адрозненні ад рэканструктараў, неабавязковая гістарычная праўда. Ролевы рух мае шэраг роднасных кірункаў, напрыклад, аматараў творчасці Джона Толкіна, страйкболу, касплэя. Аднойчы ралевікі стварылі камп’ютарную праграму для гульняў, якою цяпер на вайне карыстаюцца ўкраінцы.

Вонкава суполкі ралевікоў выглядаюць арганізаванымі групоўкамі з сур’ёзнымі сувязямі, прызнае крыніца «Белсату»:

«І чыноўнік такога рангу, як Шадко, раптам, аказваецца, звязаны з асобамі, якія незразумела чым займаюцца. Сілавікам складана ўцяміць, што гэта за субкультура, чаму людзі ў лясах або кватэрах збіраюцца і гуляюць у шпіёнаў».

Ралевік схіляецца да версіі, што ў гісторыі з дыверсіяй сілавікі проста прызначаць вінаватых сярод удзельнікаў субкультуры:

«Можа, пачалі цягнуць нітку, убачылі нейкую субкультуру з нейкімі сувязямі, і гэта можа стаць справаздачай для таго, каб прызначыць ахвярных казлоў. Ведаю, што затрымалі некалькіх асобаў; некага абвінавацілі, нават тых, каго ў краіне не было на той момант».

Hавiны
Да каго прыйшлі па справе самалёта ў Мачулішчах?
2023.03.07 17:42

Рэдакцыя звяртаецца да іншых прадстаўнікоў супольнасці ралевікоў выказаць сваё меркаванне, калі нехта не згодны са словамі нашаша суразмоўцы.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў