У Беларусі цяпер афіцыйна прызналі экстрэмісцкім кліп на песню «Экстрэміст» берасцейскага гурта «Дай Дарогу!». Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Адпаведнае рашэнне прыняў суд Ленінскага раёну Берасця 8 лютага.
Кліп на песню «Экстрэміст» быў апублікаваны 30 снежня 2020-га і быў прысвечаны «ўсім экстрэмістам 2020 года».
«Усім тым, хто пералазіў праз калючы дрот, усім тым тым, хто плыў, ляцеў, поўз і проста з жахам уцякаў ад вар’яцкіх прысудаў. Для ўсіх смелых беларусаў, якія, нягледзячы на дзікую машыну рэпрэсіяў, не пабаяліся адстойваць сваё права на свабоду і працягвае змагацца. Наша возьме, па-любому! Жыве Беларусь!» – гаворыцца ў апісанні кліпу.
Гэта не першы кліп «Дай Дарогу!», прызнаны ўладамі Беларусі экстрэмісцкім. У 2021 годзе такое рашэнне было прынятае ў дачыненні кліпу на песню «Баю-бай», бо той «зняты з мэтаю дыскрэдытацыі супрацоўнікаў сілавых структураў». Відэа выйшла напярэдадні выбараў 2020-га.
Якуб Хруст belsat.eu