Увечары 16 студзеня ў вёсцы Каробчына загарэўся дом. У ім загінулі 34-гадовы мужчына і ягоны 4-гадовы пасынак, паведамляе Следчы камітэт.
«Увечары маці пайшла на працу, у доме заставаўся сужыцель з дваімі дзецьмі: 4-гадовым хлопчыкам і 10-гадоваю дзяўчынкаю. Мужчына каля месяца не працаваў, глядзеў малодшае дзіця, бо тое не хадзіла ў дзіцячы сад.
Калі здарыўся пажар, усе спалі. Прачнулася дзяўчынка, паспрабавала выцягнуць брата з хаты, але не ўдалося. Яна кінулася да суседзяў па дапамогу, аднак яны ў дом зайсці не змаглі і выклікалі МНС», – піша СК.
Дзяўчынка ў шпіталі ў вельмі цяжкім стане.
«Суседзі характарызуюць сям’ю здавальняльна. Мужчына курыў і выпіваў, напярэдадні здарэння ён ужываў спіртное. Следчыя не выключаюць, што да пажару магло прывесці і неасцярожнае абыходжанне з агнём падчас курэння», – працягвае СК.
Мсціслаўскі раённы аддзел Следчага камітэту ладзіць правяранне.
Арсен Рудэнка belsat.eu