Маці забітай студэнткі пра забойцу дачкі: «Як яго можна лічыць чалавекам?»


Забойцу гомельскай студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай, 25-гадовага Аляксандра Грунова, дзяржабвінавачанне паўторна патрабуе прыгаварыць да смяротнай кары.

Слуханні ў справе аб жорсткім забойстве дзяўчыны адбыліся 23 снежня ў Гомельскім абласным судзе. Грунова абвінавачваюць у тым, што ў верасні 2012 года праз крыўду нанёс 102 нажавыя раненні Наталлі Емяльянчыкавай, ад чаго тая памерла на месцы.

Раней Гомельскі абласны суд прыгаварыў Грунова да найвышэйшай захады пакарання, аднак судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага суда смяротны прысуд адмяніла, скіраваўшы справу на перагляд. 26 лістапада ў абласным судзе пачалося паўторнае слуханне справы.

Архіўны матэрыял “Аб’ектыву” пра справу Аляксандра Грунова:{movie}Архіўны матэрыял “Аб’ектыву” пра справу Аляксандра Грунова|right|13890{/movie}

Падчас сённяшніх слуханняў дзяржаўны абвінаваўца запатрабавала для абвінавачанага найвышэйшую захаду пакарання – расстрэл. Пракурор адзначыла, што Груноў учыніў злачынства, якое шакуе сваёй жорсткасцю, гэты чалавек – небяспечны для грамадства. На думку дзяржабвінаваўцы, у справе шмат абставінаў, што абцяжваюць віну Грунова, у той час як змякчальных – няма. Яўку з павіннаю, напісаную абвінавачаным пасля дастаўкі ў міліцыю, лічыць такою акалічнасцю нельга, заявіла пракурор.

Маці забітай студэнткі таксама запатрабавала для абвінавачанага найвышэйшай захады пакарання. «У яго няма ні кроплі жалю, ні кроплі раскаяння, як яго наагул можна лічыць чалавекам?» – заявіла жанчына. Яна таксама зачытала меркаванне Аляксандра Лукашэнкі аб гомельскай справе. «Калі ты, нягоднік і падонак, ідзеш і не першы раз ужо ўчыняеш злачынства, забіваеш чалавека, то якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакаранне павінныя быць адпаведнымі. Вазьміце гэта на кантроль. У адваротным выпадку мы ніколі не навядзем парадку і ніколі не панізім гэтай тэмпературы ў грамадстве. Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты – адказвай на ўсю катушку», – сказаў, сярод іншага, кіраўнік дзяржавы.

Адвакат абвінавачанага папрасіў суд пакараць Грунова пазбаўленнем волі, але не расстрэлам, бо ўпэўнены, што ён не настолькі небяспечны для грамадства, як лічыць дзяржабвінаваўца. Адвакат прывёў довады аб змякчальных абставінах у справе, у тым ліку аб яўцы з павіннаю. «Яна сведчыць аб чыстасардэчным прызнанні ды раскаянні. Калі б абвінавачваны не напісаў яўку з павіннай і наогул адмовіўся ад дачы паказанняў, было б вельмі складана даказаць яго віну. Усё абвінавачанне будуецца на паказаннях Грунова».

Сам Груноў, які выступіў з апошнім словам у судзе, толькі папрасіў дараваць яму у маці забітай дзяўчыны і сказаў, што «не ведае, як гэта адбылося». Адносна пакарання ён ні пра што суд не прасіў.

Забойства студэнткі Груноў учыніў праз год пасля адбыцця пакарання за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што пацягнула смерць: ён збіў сужыцеля сваёй маці. Па выніках псіхіятрычнай экспертызы маладога чалавека прызналі адэкватным, залежнасці ад алкаголю і наркотыкаў у яго не выявілі. Аднак ён хварэе на змяшанае расстройства асобы.

Вынясенне прыгавору ў ягонай справе прызначанае на 24 снежня.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў