У Белавежскай пушчы жыве Дзед Мароз з Расеі


«Белсат» шукаў беларускі каларыт у рэзідэнцыі Дзеда Мароза.

З Берасця да Белавежскае пушчы – 50 км, куды можна даехаць звычайным рэйсавым аўтобусам за Br 25 тыс. у адзін бок. Яшчэ Br 75 тыс. (для дзіцяці – Br 60 тыс.) каштуе ўваходны квіток у рэзідэнцыю Дзеда Мароза. Плюс Br 20 тыс., каб паглядзець вальеры з дзікімі жывёлінамі – своеасаблівы музей беларускае прыроды. Цікава, што з нядаўняга часу там можна пабачыць страусаў. Працаўнікі скардзяцца, што іх цяжка даглядаць, і шчыра абураюцца: якія адносіны гэтыя птушкі маюць да нашае прыроды?

У каштарысе Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» – некалькі дзясяткаў паслуг. Зімою найбольшаю папулярнасцю карыстаецца рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Дарэчы, менскія турыстычныя фірмы за паездку бяруць да Br 500 тыс. з асобы.

Самая рэзідэнцыя месціцца за 12 км ад галоўнага ўваходу ў пушчу. Туды можна дабрацца альбо турыстычным аўтобусам, альбо транспартам Белавежскае пушчы, які паедзе пры наяўнасці шасці ахвотных.

У кошт квітка ўваходзіць дастаўка ў рэзідэнцыю, экскурсія і невялікі падарунак. На квітках красуецца надпіс «Кіраванне справамі прэзідэнта РБ», а на падарунку – «інфармацыйны спонсар – БелТА».

У памесці Дзеда Мароза абяцаюць сапраўдную зімовую казку. І на гэты маркетынгавы ход ужо купіліся больш за 1 млн турыстаў з 120 краінаў свету. А вось беларускасці там і знаку няма, хутчэй можна адчуць дух Расеі альбо Савецкага Саюзу. Былы працаўнік рэзідэнцыі распавёў, што і Дзед Мароз прыехаў у пушчу з Расеі.

Жарты ў пушчанскага персанажа спецыфічныя. Пытае ён у гасцей (вядома, па-расейску): «Колькі будзе 10 разоў па 100 грамаў?». «Літр!» – крычаць бацькі. Усе смяюцца, а Мароз адказвае: «Не, кілаграм». І працягвае дасціпнічаць: «Чаму цмок не есць бабуль? Бо бабулі вяжуць у роце!». Праз 5 хвілінаў шоу канчаецца, і гаспадар рэзідэнцыі са Снягуркаю хаваюцца ў сваім дамку.

Хадзіць па рэзідэнцыі небяспечна: дошкі пад нагамі вельмі слізкія – на нашых вачах некалькі дзяцей паслізнуліся і ўпалі. Па маршруце экскурсіі, якія праводзяць памочнікі Дзеда Мароза, стаяць драўляныя фігуркі, каля якіх актыўна фатаграфуюцца госці. Іншых цікавостак няма.



Памочнікі падтрымліваюць стыль кіраўніка рэзідэнцыі.
Жанчына ў касцюме Завірухі падводзіць гасцей да велізарнай ялінкі і крычыць: «Дзяўчаты, кідайце камеры, у карагод станавіцеся!». Пасля прапаноўвае загадаць жаданне і дадае, што «можна ўзяць грошай, дачу і цёшчу ў прыдачу».

На пытанне, ці можна замовіць экскурсію па-беларуску, працаўнікі рэзідэнцыі здзіўляюцца: а навошта? Маўляў, да нас ніхто з такою просьбаю не звяртаўся. Дый працаўнікі не змогуць зрабіць усё, як мае быць, бо ў патрэбнай ступені не валодаюць беларускаю моваю.

Што ж тут беларускага? Баба Каргота. Але адзінае, што яна кажа, – гэта «Добры дзень!» і «Да пабачэння!». Яшчэ па-беларуску ў рэзідэнцыі падпісаныя драўляныя фігуркі з назвамі месяцаў.

У працоўныя дні ў рэзідэнцыю прыязджаюць у асноўным дзіцячыя групы ды працаўнікі сельскай гаспадаркі ў адпачынку. «Прыехалі пабачыць сапраўднага Дзеда Мароза, унучцы яго паказаць, – кажа Мікалай са Слуцку. – Уражанні добрыя». «Усё вельмі прыгожа, маляўніча, падарунак далі, спадабалася вельмі», – цешыцца Вольга з Гарадзеі.

Нядаўна рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы гучна адзначыла свой ​10-ты дзень народзінаў.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў