Імігрант у Беларусь: У кожным з нас больш Гітлера, чым Хрыста


«Будучы ў Менску, я ўбачыў 5–7 туркаў ці арабаў, якія ішлі па праспекце. І ў мяне паўстала пытанне: а што яны тут робяць? Адкуль гэта? Невядома, але ўсплывае недзе ўсярэдзіне», – падзяліўся ў «Размове Мацкевіча» Армен Каграманян, нарадзінец Карабаху, які асеў у Менску.

«Я не кажу, што маё жыццё ў Беларусі было салодкае», – прызнаўся госць праграмы. Спадар Армен толькі нядаўна атрымаў беларускае грамадзянства, хоць меў права на беларускі пашпарт з 2000 года. Перашкодаю былі бюракратычныя, але і людскія чыннікі. «Чаго ты прыехаў? Былі пытанні ў грубай форме. Даводзілася размаўляць, тлумачыць. Часам хацелася давесці, што ты насамрэч чалавек – не злодзей, не бандыт».

{movie}Імігрант у Беларусь: У кожным з нас больш Гітлера, чым Хрыста |right|13839{/movie}

У 90-я гады мінулага стагоддзя, распавёў спадар Армен, у медыях паўстала клішэ – «асоба каўказскай нацыянальнасці». «У мяне дагэтуль на спіне ёсць ярлык. Чаму на спіне? Бо так гавораць пра мяне за спінаю, не гавораць у твар, бо на гэта патрэбная смеласць, нейкая пазіцыя».

Беларусы маюць больш размытую нацыянальную ідэнтычнасць, што адрознівае іх ад армянаў, адзначыў імігрант: «Як назіральнік збоку я заўважыў: у сучаснай Беларусі гэтая грань сцёртая. Неяк мы размаўлялі з настаўніцаю майго сына: чаму замест таго, каб напісаць «Хатняя праца», мы пішам у сшытку «Домашняя работа» па-расейску? Калі ж чуеш беларускае маўленне, дзе мала выкарыстоўваюць расейскіх словаў, яна гучыць прыгожа».

У сваіх шасці дзяцей спадар Армен выхоўвае павагу да беларускай мовы і культуры. Прачытаўшы цікавыя факты з гісторыі Беларусі, ён дзеліцца імі з дзецьмі. Самі беларусы нават здзіўляюцца шырокім ведам спадара Армена з гісторыі іхнай бацькаўшчыны. «Калі ты недзе жывеш, ты мусіш ведаць мову, культуру, валодаць прынамсі сітуацыяй, каб з суседзямі можна было пагутарыць, будаваць дачыненні з людзьмі», – мяркуе госць «Белсату».

Падрабязнасці – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў