Майдан у асобах: Юрась Красюк, актор і шоумэн


За пару крокаў ад намётаў на Майдане – цудоўны пах сапраўднага ўкраінскага баршча. Чарговы матэрыял нашага карэспандэнта Змітра Ягорава з адмысловай серыі пра герояў Майдану.

Вялізныя саганы стаяць на агні, мужчына ў каптане і бурцы (цёплай накідцы запарожскіх казакоў), не спяшаючыся, памешвае духмяны суп. Кожны дзень Юрась Красюк, шоумэн і актор, з памочнікамі варыць і раздае пратэстоўцам 1600 порцыяў баршча.

– Такім чынам мы дапамагаем рэвалюцыі, гэта наш невялікі, але смачны ўнёсак у справу перамогі. Я спадзяюся, што гэты гарачы боршч і агонь дапамогуць людзям трошку сагрэцца ды адчуць сябе лепш, бо людзі стаяць ужо 2 тыдні. На адных канапках рэвалюцыю не зробіш!

Атрымліваецца, рэвалюцыйны боршч!



– Як гавораць расейцы, боршч – гэта туз украінскай кухні, з такім тузом можна перамагчы. Гэта і ёсць нашая місія.

Ці шмат людзей вы паспелі за гэты час накарміць?

– У гэтых казанах мы робім 200 літраў баршча за раз. 400 літраў штодня. Цяпер акурат зварылася новая порцыя – пакаштуйце. Думаю, варта і ў Беларусь прывезці наш боршч, каб і беларусы зразумелі: яны вартыя лепшага жыцця.

Але, напэўна, ёсць і іншы шлях да зменаў, без адкрытага супрацьстаяння?

– У нас няма часу чакаць дзясяткі гадоў, пакуль хтосьці дасць надзею і палепшыць жыццё. Мы можам рабіць гэта ўсё самі. І гэтая вялікая сацыяльная рэвалюцыя, якая адбываецца цяпер, паказвае, наколькі шмат такіх людзей, што гатовыя змяняцца і працаваць на вынік. Хоць улада нас шальмуе. Дзясяткі гадоў топчуцца на адным месцы. Таму мы выйшлі, бо мы хочам зменаў, хочам рэвалюцыі. Прэзідэнт і ўрад мусяць сысці ў адстаўку – такія нашыя патрабаванні.

Адкуль у вас і сілы, і… прадукты, каб трымацца на майдане столькі дзён?

– Што цікава – людзі проста так прыносяць прадукты. Мы самі былі вельмі здзіўленыя – хтосьці нясе бульбу, хтосьці – цыбулю і буракі. Нясуць мяса, хтосьці дома робіць смажанку, бо ведаюць, што ў такіх умовах яе зрабіць складана. Мы склікаем валанцёраў, пытаем: хто можа парэзаць цыбулю, хто – буракі? Людзі прыходзяць і дапамагаюць. Хтосьці прыглядае за агнём, а хтосьці – мые казаны. І мы тут бачым такі салідарны працэс, які, скажу наўпрост, – кранае да слёз! Я жадаю кожнаму перажыць падобныя моманты. Мы на Майдане – на адной эмацыйнай хвалі, мы выходзім на новы ўзровень адчування нацыі. Украінцы адчуваюць сябе па-новаму, гэта вельмі важна.

Чым сёлетні Майдан адрозніваецца ад самага першага – з Памаранчавай рэвалюцыяй?

– Тады, вядома, былі фальсіфікацыі на выбарах. Цяпер не было ні фальсіфікацыяў, ні выбараў. Затое цяпер прэзідэнт падпісвае дамову з Расеяй, а мы хочам у Еўропу. Але ён не слухае народу. Дэклараваў збліжэнне з Еўропаю, але падмануў. Да таго ж збілі студэнтаў, моладзь, мірных людзей на Майдане. Таму людзі паўсталі ды хочуць змяніць гэтую ўладу.

Міліцыянты сілаю разагналі мірную дэманстрацыю – гэта так знаёма. Але ў чым сакрэт вашай украінскай салідарнасці?

– У чым сакрэт? У тым, што мы пакаленне за пакаленнем неслі ў сабе гэтае зерне, стрыжань. І гэта не з’явілася аднекуль, а пачало фармавацца даўно, пачынаючы з казакоў і працягваючы сечавымі стральцамі, барацьбою за Украіну ў 20-я гг., ОУН-УПА. Украінцы заўсёды хацелі мець вольную Украіну, сваю свабоду, сваю дзяржаву. Калі мы не можам цярпець, мы паўстаем. Гэта – дух свабоды, незалежнасці і патрыятызму. Ці мусіць Украіна імкнуцца ўступіць у Еўразвяз? Гэта ўжо іншае пытанне. Але прынамсі не мусіць уступаць у саюз з Расеяй. Чаму? Бо Расея ўвесь час нас падманвае, знішчае, расстрэльвае, масава вывозіць у Сібір, зладзіла галадамор. Хіба гэта наш брат? Хіба гэта сябар?

Гутарыў Зміцер Ягораў, belsat.eu



Больш інтэрв’ю з серыі «Майдан у асобах» вы можаце прачытаць тут.

Стужка навінаў