Майдан у асобах. Аляксандр Таран, маёр запасу


Сярод стракатых намётаў на Майдане – намёт з камуфляжнаю афарбоўкаю. Ля яго стаяць людзі ў форме – былыя вайскоўцы, афіцэры. Чарговы матэрыял нашага карэспандэнта Змітра Ягорава з адмысловай серыі пра герояў Майдану.

Аляксандр Таранаў, маёр запасу, які служыў у супрацьпаветраных войсках, распавядае, што прывяло вайскоўцаў на Майдан, і ацэньвае суадносіны сілаў.

– Што робяць украінскія афіцэры на Майдане?

– Афіцэры-адстаўнікі вышлі дзеля таго, каб забяспечыць грамадскі парадак на Майдане. Мы падтрымліваем патрабаванні аб адстаўцы прэзідэнта, кабінету міністраў і правядзенні перавыбараў у Вярхоўную Раду. Але ў парушэнні грамадскага парадку мы не бярэм удзелу. Нашая справа – калі будуць нейкія эксцэсы або калі ўнутраныя войскі пойдуць разганяць, забяспечыць мірнае адступленне людзей.

– Як вы гэта зробіце?

– Мы станем шэрагам паміж дэманстрантамі ды войскамі. Бо мы ведаем, як нялёгка і з іншага боку. Калі будзе загад на разгон Майдану, мы будзем весці перамовы паміж абодвума бакамі, каб даць магчымасць людзям сысці мірна.

Аляксандр Таран, маёр запасу. Фота belsat.euАляксандр Таран, маёр запасу. Фота belsat.eu– Што думаюць афіцэры пра падзеі ля Адміністрацыі прэзідэнта, калі была спроба штурму будынку і гэты жорсткі разгон дэманстрантаў?

– Я думаю, што там была правакацыя з абодвух бакоў. Мы напісалі лісты да ўладаў, каб зрабілі аналіз тых падзеяў і запрапанавалі, каб у камісію ўвайшлі і чальцы нашай арганізацыі, у тым ліку тыя, што служылі ў «Беркуце». Але мы асуджаем дзеянні сілавікоў: калі чалавек падымае рукі і здаецца, то міліцыянты не маюць права іх збіваць. А тым больш тых, хто ляжыць на зямлі. Калі здзейсненае правапарушэнне, то гэтых людзей трэба затрымліваць, а не збіваць. З іншага боку, калі дэманстранты паехалі трактарам на міліцыянтаў, мела месца пагроза жыццю і міліцыянты мелі права выкарыстаць сілу. Але гэта не дае права дабіваць тых, хто ляжыць на зямлі. Гэта – злачынства.

– А што вас асабіста прывяло на Майдан?

– Тое, што цяперашняя улада не ў стане кіраваць краінаю. Мы цяпер – у палітычным і эканамічным крызісе. Улада, што давяла краіну да гэтага стану, мусіць сысці ў адстаўку.

– А ў якім стане перабывае ўкраінскае войска?

– У жаласным. У нас – паліцэйская дзяржава, бо міліцыі ды ўнутраных войскаў больш. Гэта ілюструе тое, дзе дзяржава бачыць патэнцыйных ворагаў – унутры краіны, а не па-за межамі.

– Па перыметры Майдану выстаўленыя барыкады і ахова. На вашую думку, яны могуць супрацьстаяць таму ж «Беркуту»?

– Я мяркую, што такімі справамі, як ахова аб’екта, мусяць займацца прафесіяналы. З тых, хто тут ёсць на цяперашні момант, – гэта афганцы. Але ў іх няма плану дзеянняў, неабходных для аховы. Штаб мусіць запрасіць прафесіяналаў.

– Як вы думаеце, чым скончыцца Майдан?

– А ні ўлада, а ні апазіцыя не чуе інтарэсаў народу. Але калі народ будзе стаяць на Майдане, то ўлада будзе змушаная падаць у адстаўку.

Гутарыў Зміцер Ягораў, belsat.eu

Больш інтэрв’ю з серыі «Майдан у асобах» глядзіце тут.

Стужка навінаў