Беларусь вачыма ўкраінскіх журналістаў: дарогі і кавярні


Двое журналістаў з Вінніцы – Юрый Басюк і Раман Кавальскі – акрэдытаваліся на саміт «Усходняга партнёрства». Ехаць пастанавілі на аўце праз Беларусь.

Дрэнныя дарогі, «квітучая саўдэпія», кепскі прыдарожны сэрвіс, нястача важнай інфармацыі ды безліч бюракратычных паперак – такімі непрыемнымі ўспамінамі пра падарожжа аўтамабілем па Беларусі падзяліліся ўкраінскія журналісты на старонцы vinnitsa.info.

Найперш уразіла мытня. Нягледзячы на тое, што ў журналістаў былі з сабою толькі асабістыя рэчы, іх скіравалі ў «чырвоны калідор» патлумачыўшы гэта часовым увозам аўтамабіля. «Нас пратрымалі там гадзіну, пакапаўшыся ў рэчах і прымусіўшы запаўняць купу паперак на холадзе (-3 было). Але гэта яшчэ не ўсё. Наш навігатар зусім не бачыў беларускіх дарог, таму ехалі мы да Менску выключна арыентуючыся на знакі ды інтуіцыю. Дарогі, якімі хваліцца Лукашэнка, далёкія ад еўрапейскіх: куча латак і няроўнасцяў. Праўда, і машынаў на іх мала», – зазначаюць украінскія журналісты.

Далей украінцы цудам пазбеглі штрафу 130 еўраў, бо не ведалі пра платныя дарогі, а інфармацыі на гэтую тэму нідзе не было. Атрымалі звесткі выпадкова на бензастанцыі. Каб заплаціць за адцінак дарогі 5 еўраў, давялося набыць адмысловую прыладу за 20 еўраў, пакласці на рахунак 25 еўраў і запоўніць… 13 бланкаў! Праўда прыладу можна вярнуць. Але толькі ў вызначаныя гадзіны і на адмысловых бензастанцыях. Працэдура вяртання прылады зойме амаль гадзіну.

Незадаволеныя засталіся ўкраінцы адсутнасцю магчымасці добра пад’есці па дарозе. «Паесці таксама не надта проста – нармалёвых кавярняў папросту няма. Ледзь знайшлі за Менскам нейкую забягалаўку, але яе якасць – як у гадзючніках на кірмашах у сярэдзіне 90-х. Увогуле, паездка праз краіну, дзе кіруе Аляксандр Лукашэнка, яшчэ раз пераканала нас у тым, што нам ні ў якім разе не трэба ўступаць у Мытны саюз імя Пуціна», – зрабілі выснову вінніцкія журналісты.

Паводле vinnitsa.info

Стужка навінаў