За € 1 можна купіць 31 партрэт Лукашэнкі, але ніхто не купляе


Берасцейскія крамы заваленыя партрэтамі Аляксандра Лукашэнкі. Крамы маюць праблемы са збытам гэтага тавару, нягледзячы нават на тое, што вялікую выяву кіраўніка Беларусі можна купіць усяго за Br 400.

Таннейшыя за партрэты Лукашэнкі ў Беларусі бадай толькі запалкі – Br 250 за каробку. Цікава, што ў чэрвені 2011 года такі ж партрэт прэзідэнта (фармату А4) каштаваў Br 500. Чаму ж патаннелі выявы кіраўніка краіны? «Бо на партрэты нельга ўздымаць кошты, у нас у краме яны вісяць яшчэ з 2010 года. Звычайныя ж людзі не купляюць партрэтаў прэзідэнта, а толькі школы і арганізацыі. Але ўжо нават яны даўно не куплялі. Перад прэзідэнцкімі выбарамі актыўна дзяржаўныя структуры бралі, зараз цішыня. Вось нам новую партыю прывезлі, па новых коштах. А нам каб хоць старыя партрэты прадаць, няма попыту на іх», – пракаментавала прадавачка, папрасіўшы не называць крамы, бо баіцца, што «ўсіх пасадзяць».

Яшчэ летам 2011 года ўва ўсіх берасцейскіх кнігарнях на партрэтах Лукашэнкі на было інфармацыі пра кошт, вытворцаў і тыражы, што парушала адразу некалькі пунктаў Закону РБ аб абароне правоў спажыўцоў. Хоць ніякіх афіцыйных папераў у крамах не было, парушэнне апраўдвалі загадам з самога верху. Сёлета кошты на партрэтах указвалі амаль усюды, за выключэннем берасцейскага ЦУМу, дзе зноў жа не было ўказанага кошту партрэтаў, інфармацыі аб тыражы, вытворцы і нават таварнай накладной.

Прадавец, аднак, калі яго папрасілі, знайшоў цэннік і выправіў яго з Br 1080 на 1100. Выходзіць, што з 1 сакавіка 2013 года, калі вывелі з абароту купюры наміналам Br 10 і 20, у краме не прадалі ніводнага партрэту.

Усю інфармацыю пра партрэты «першага прэзідэнта» Беларусі падалі ў іншай краме, дзе іх прадавалі, што праўда, з-пад палы, толькі на запыт. Аказалася, што гэтыя партрэты надрукаваныя ў РУП «Беларускі дом друку» ў 2008 годзе накладам 5000 экземпляраў.

«Партрэты Лукашэнкі прадаюцца вельмі дрэна, усплёск бывае, калі прэзідэнт прыязджае ў Берасце. Можа, у якой арганізацыі няма партрэту, тады яны бяруць павесіць сабе ў кутку. Пераважна купляюць расейскія турысты. Звычайныя беларусы пытаюцца пра партрэты вельмі рэдка», – распавяла прадавачка з багатым стажам у іншай краме.

Апошнім часам у берасцейскія кнігарні паступіла новая партыя тавару: партрэты памерам А5 коштам Br 5250 ды А6 за Br 4500. Вось толькі ці змогуць крамы іх прадаць?

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонова (фота), belsat.eu

Стужка навінаў