У Менску збіраюць грошы на адваката для ксяндза Лазара


https://youtu.be/0BR1HKsPXgg
Уратаваць таго, хто паводле роду сваёй дзейнасці прысвяціў сябе дапамозе іншым. У Менску стартаваў марафон салідарнасці з арыштаваным ксяндзом Уладзіславам Лазарам.

Сабраць ахвяраванні для таго, хто сам стаўся ахвяраю. З такою мэтаю ў Менску збіралі сёння грошы на адваката для ксяндза Уладзіслава Лазара, таемна арыштаванага яшчэ ўлетку спачатку паводле абвінавачання ў шпіянажы, а пазней – у перадаванні грошай для падазраванага ў шпіянажы.
{movie}Уратаваць ксяндза|right|13382{/movie}
ГАННА ШАПУЦЬКА, РУХ «ЗА ВОЛЮ!»:
«Гэта нонсэнс у нашым грамадстве, такога не павінна быць! Бо сапраўды гэты чалавек ані ў чым не вінаваты, вельмі годны і вельмі моцны чалавек. І, канечне ж, мы ўсе вельмі перажываем і будзем рабіць усё, каб ксяндза Лазара вызваліць і каб ён як мага хутчэй апынуўся са сваймі роднымі і намі».

Родныя ксяндза Уладзіслава застаюцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы ды самастойна аплаціць паслугі адваката не ў стане. Каб дапамагчы ім, на вечарыну салідарнасці прыйшлі прадстаўнікі розных канфесіяў.

ВОЛЬГА НІКАЛАЙЧЫК, АХВЯРАДАЎЦА:
«Мне папросту страшна за лёс айца Лазара, і таму я тут. І я лічу, што гэта абавязак кожнага хрысціяніна».

ТАЦЦЯНА КОЛАСАВА, АХВЯРАДАЎЦА:
«Сёння такое мерапрыемства – ну, я і прыйшла. Сядзець нельга дома!».

Занепакоенасць арыштам святара выказаў і рыма-каталіцкі касцёл – як у Ватыкане, гэтак і ў нашай краіне. У прэс-службе Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі «Аб’ектыў» запэўнілі, што справаю айца Лазара займаецца і адвакат ад Менска-Магілёўскай мітрапалітальнай курыі.

КС. ЮРЫЙ САНЬКО, КАНФЕРЭНЦЫЯ КАТАЛІЦКІХ БІСКУПАЎ:
«Рэгулярна там з ім сустракаецца наш адвакат ад курыі ад нашай Менска-Магілёўскай. Асабіста ведаю той момант, калі мітрапаліт нават сам наведваў родных і блізкіх, маці і сястру, размаўляў з імі. Справа вядзецца з самага пачатку, і ўсё гэта пад кантролем».

Аднак гэткай дапамогі ад касцёлу для ўратавання арыштаванага святара відавочна мала, перакананыя дэмакратычныя актывісты. Паводле арганізатараў марафону салідарнасці, далейшае перабыванне айца Уладзіслава ў СІЗА КДБ пагражае ягонаму здароўю і нават жыццю. Дапамагчы ксяндзу магло б і прызнанне яго закладнікам рэжыму.

ГАННА ШАПУЦЬКА, РУХ «ЗА ВОЛЮ!»:
«На вялікі жаль, не аказваюць дапамогу яму нашыя праваабарончыя структуры, бо ён афіцыйна не лічыцца палітвязнем. Але ж грамадства прызнае яго вязнем сумлення і ўпэўненае, што абавязкова гэтага чалавека трэба на міжнародным узроўні прызнаваць палітвязнем».

Абвінавачанняў у шпіянажы ксёндз Уладзіслаў Лазар не прызнае. Тым часам, нават застаючыся за кратамі, ён міжволі працягвае ратаваць душы суайчыннікаў. Бо як інакш ацаніць неабыякавасць і салідарнасць?

Валеры Руселік, «Аб’ектыў»

Глядзі таксама
Каментары