Кодэкс паводзінаў ЕГУ завяжа рот прыхільнікам беларушчыны?


У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня) будуць караць за распаўсюджанне «неабгрунтаванай інфармацыі аб працэсах, што адбываюцца ва ўніверсітэце».

Выкладчыкаў пазнаёмілі з Кодэксам паводзінаў у ЕГУ, які рэктар зацвердзіў сваім загадам 14 лістапада. Пра гэта паведаміў прадстаўнік універсітэту, які пажадаў застацца неназваным. Паводле яго, выкладчыкі, з якімі, дарэчы, палажэнняў Кодэксу не абмяркоўвалі, атрымалі дакумент (на англійскай і літоўскай мовах) 15 лістапада.

Рэктар ЕГУ: Ад беларушчыны не адмаўляемся

14 лістапада рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў у афіцыйнай заяве прапанаваў правесці ва ўніверсітэце рэформы, каб кансалідаваць працаўнікоў і стварыць «сталае ядро выкладчыкаў». Міхайлаў таксама заявіў, што ЕГУ не збіраецца адмаўляцца ад «беларускага характару і скіраванасці ўніверсітэту».

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт распачаў працу ў Менску ў 1992 годзе. У 2004-м ўлады Беларусі, не задаволеныя самастойнасцю кіраўніцтва ЕГУ, яго імкненнем да незалежнасці, закрылі ўстанову. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільні ў статусе беларускага ўніверсітэту ў выгнанні. Асноўную частку студэнтаў ЕГУ складаюць беларусы.

Змагары за беларускі вектар у ЕГУ стварылі сваю платформу

Дагэтуль выкладчыкі ЕГУ стварылі дэмакратычную платформу «За новы ЕГУ» для ўдзелу ў выбарах у сенат універсітэту, што пройдуць 19 лістапада. Сярод іншага мэта дэмакратычнай платформы – зрабіць акадэмічнае самакіраванне базавым прынцыпам пры захаванні беларускага вектару ў якасці прыярытэтнага для ўсіх сфераў дзейнасці ўніверсітэту.

У Кодэксе паводзінаў зазначаюць, што ён узнік у сувязі з неабходнасцю «прыстасаваць універсітэт да зменлівага асяроддзя» і прызначаны для падтрымання «высокіх этычных стандартаў ва ўніверсітэце». Пры гэтым адзначаюць, што «ўніверсітэт цэніць акадэмічную свабоду, лідарства, цэласнасць, сумленнасць і справядлівасць ды імкнецца рэалізаваць гэтыя каштоўнасці ў выкладчыцкай, даследчай і прадпрымальніцкай дзейнасці».

«Аж да скасавання кантракту»

У дакуменце падкрэсліваецца, што супрацоўнікі і студэнты нясуць адказнасць за свядомае распаўсюджанне «падманнай, паклёпніцкай ці нейкай неабгрунтаванай інфармацыі аб працэсах, якія адбываюцца ва ўніверсітэце, і ўніверсітэт можа прыняць законныя захады ў дачыненні гэтай асобы». Да парушальнікаў прыменяць дысцыплінарныя захады «аж да скасавання кантракту».

Напісана, што ў ЕГУ недапушчальная дыскрымінацыя паводле прыкметы расы, колеру скуры, веравызнання, нацыянальнасці, паходжання, палавой прыналежнасці, узросту, сексуальнай арыентацыі, фізічнага ці псіхічнага здароўя.

«Гэта спроба закруціць гайкі»

На просьбу БелаПАНу пракаментаваць прыняцце Кодэксу паводзінаў дацэнт ЕГУ, кандыдат філасофскіх навук Андрэй Лаўрухін зазначыў, што дакумент ёсць «адказам адміністрацыі на зварот выкладчыкаў да шырокай грамадскасці ды імкненнем закруціць гайкі і заткнуць раты». Навукоўца падкрэсліў: роля беларускіх выкладчыкаў і беларускай мовы ў ЕГУ дэманструе і той факт, што Кодэкс напісаны на англійскай і літоўскай мовах.

«У адказ на спробу акадэмічнай супольнасці адстаяць адну акадэмічную каштоўнасць, акадэмічнае самакіраванне, адміністрацыя ЕГУ вырашыла абмежаваць і другую – нашу акадэмічную свабоду. Гэта ўжо крок да афіцыйнай версіі беларускай вышэйшай адукацыі», – зазначыў спадар Лаўрухін.

БелаПАН

Стужка навінаў